Больш за 100 відаў сацыяльных паслуг аказваюць насельніцтву тэрытарыяльныя цэнтры Віцебскай вобласці

Более 100 видов социальных услуг оказывают населению территориальные центры Витебской области

Больш за 100 відаў сацыяльных паслуг аказваюць насельніцтву тэрытарыяльныя цэнтры Віцебскай вобласці. Аб гэтым на круглым стале, прысвечаным пачатку рэалізацыі новага сумес­нага праекта БТЧК і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей, паведаміла намеснік начальніка аддзела сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Алена Сінякова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Найбольш запатрабаванымі ў насельніцтва вобласці формамі сацыяльнага абслугоўвання з'яўляюцца сацыяльная дапамога на даму і аказанне разавых сацыяльна-бытавых паслуг. Для максімальнага задавальнення патрэб людзей спектр сацыяльных паслуг пастаянна пашыраецца і ўжо ўключае звыш 100 пазіцый. Па колькасці грамадзян, якім былі аказаны паслугі аддзяленнямі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Віцебская вобласць займае першае месца ў рэспубліцы", - сказала Алена Сінякова.

Яна падкрэсліла, што для забеспячэння даступнасці сацыяльных паслуг для жыхароў вёскі ў вобласці створана сетка сацыяльных пунктаў і цэнтраў, гаспадарчых брыгад, у тым ліку мабільных. Яны аказваюць дапамогу па распілоўцы, колцы і складанні дроў, рамонце жылых памяшканняў і гаспадарчых пабудоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, транспартныя, цырульніцкія, паслугі па мыцці бялізны.

"Зараз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённымі і гарадскімі арганізацыямі БТЧК вядуць актыўную работу па падборы медыцынскіх сясцёр міласэрнасці і вызначэнні грамадзян, якіх яны будуць абслугоўваць. У наступным годзе ў рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу сіламі сясцёр міласэрнасці плануецца аказаць медыка-сацыяльныя паслугі на даму 120 грамадзянам, у тым ліку 36 з анкалагічнымі захворваннямі (што дазволіць рэалізаваць праект "Хоспіс на даму")", - адзначыла Алена Сінякова.

Па стане на 1 кастрычніка бягучага года ў Віцебскай вобласці пражываюць амаль 360 тыс. пенсіянераў, з іх 276,8 тыс. - людзі пажылога ўзросту (ад 60 гадоў і старэй), што складае 23% насельніцтва вобласці.

У працы круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі БОКК, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, упраўленняў аховы здароўя, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, намеснікі старшынь райвыканкамаў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў, дзе дзейнічаюць ініцыятыўныя групы пажылых людзей.

Новы сумесны праект БОКК і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства разлічаны да сакавіка 2015 года і рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Аўстрыйскага агенцтва па развіцці, Швейцарскага і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа. Праектнай дзейнасцю плануецца ахапіць Мінскую, Віцебскую, Гродзенскую і Брэсцкую вобласці.

Асноўнымі задачамі новага праекта з'яўляецца высвятленне патрэб беларускіх пенсіянераў, звязаных з іх самарэалізацыяй і задавальненнем сацыяльных патрэб (плануецца правесці спецыяльнае сацыялагічнае даследаванне); дапамога ў падтрымцы ўжо існуючых і фарміраванне новых ініцыятыўных груп; праца з дзяржаўнымі органамі ўлады, інфармаванне іх аб патрэбах пажылых людзей; распрацоўка рэспубліканскай інтэрнэт-платформы для пажылых, на якой будзе размяшчацца карысная і актуальная для гэтай часткі грамадства інфармацыя, спецыяльныя відэаўрокі, якія навучаюць асваенню інтэрнэт-прасторы.

Алена Ціханава