Больш за 100 жыхароў Віцебскай вобласці ўдастоены ўзнагароды да 70-годдзя вызвалення блакаднага Ленінграда
Больш за 100 жыхароў Віцебскай вобласці ўдастоены ўзнагароды ў гонар 70-годдзя вызвалення блакаднага Ленінграда, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзь Ягораў.
Памятным знакам "У гонар 70-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады" адзначаны абаронцы і жыхары блакаднага Ленінграда, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях пры абароне і прарыве блакады. Усяго на тэрыторыі Віцебскай вобласці пражываюць 115 грамадзян гэтай катэгорыі, у тым ліку 51 - у Віцебску.
Урачыстае ўшанаванне і ўручэнне памятнага знака, прымеркаванае да юбілейнай даты, пачалося ў рэгіёне сёння з абласнога цэнтра. Святочнае мерапрыемства сабрала на базе сярэдняй школы №3 ветэранаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый. Прысутныя прынялі ўдзел у мітынгу, усклалі кветкі і вянкі да помніка дзецям вайны. З канцэртам выступілі навучэнцы школы. Заслужаныя ўзнагароды самым ганаровым гасцям свята ўручыў дарадца пасла Расіі ў Беларусі Віктар Малашанка. Тым жа, хто не змог прыйсці на мерапрыемства, а таксама жыхарам рэгіёнаў вобласці памятны знак урачыста будзе ўручаны ў бліжэйшы час, падкрэсліў Генадзь Ягораў.
Вольга Багачова