Больш за 100 журналістаў акрэдытавана на Дзень пісьменства ў Полацку

Больш за 100 прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ акрэдытавана на Дзень беларускага пісьменства ў Полацку. Гэту лічбу агучыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, якая прыняла ўдзел у пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы свята.

У Дзень беларускага пісьменства ў Полацку злучацца тры святы - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 1155-годдзе горада і непасрэдна Дзень пісьменства. Свята будзе доўжыцца з 1 па 3 верасня. Для аператыўнай працы прадстаўнікоў СМІ ў Полацку абсталююць прэс-цэнтр.

Арганізатары не сумняваюцца, што цікавых тэм для журналістаў будзе дастаткова. Трохдзённая праграма святкавання насычана разнастайнымі мерапрыемствамі. У Полацку чакаюць дэлегацыі пісьменнікаў, выдаўцоў, дзеячаў культуры з 12 краін. Адбудзецца міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, пройдзе фестываль кнігі і прэсы, будуць арганізаваны канферэнцыі і выставы.

Дарэчы, адна з іх - вынік унікальнага мастацкага праекта "Тры Сафіі", арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД (МФГС). Мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны на сумесным пленэры запечатлеюць на сваіх палотнах Сафійскія саборы ў Вялікім Ноўгарадзе (Расія), Полацку (Беларусь) і Кіеве (Украіна). Дзень беларускага пісьменства будзе ўрачыста адкрыты 2 верасня пад званок званоў усіх храмаў старажытнага горада.

Алена Ціханава - БЕЛТА.