Больш за 12 тыс. дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў прайшлі аздараўленне за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы за 10 гадоў

8 кастрычніка, Лепельскі раён / Крысціна Курловіч - БЕЛТА /. Больш за 12 тыс. беларускіх і расійскіх дзяцей прайшлі аздараўленне за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы за дзесяць гадоў рэалізацыі саюзнага мерапрыемства па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік аддзела сацыяльнай палітыкі Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Яновіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. З іх больш за 1,8 тыс. дзяцей прайшлі аздараўленне ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" Лепельскага раёна, які з'яўляецца адным з пастаянных выканаўцаў праграмы Саюзнай дзяржавы з 2004 года. Сёння ў цэнтры прайшоў "Дзень Саюзнай дзяржавы ў "Жамчужыне", прысвечаны 10-годдзю рэалізацыі саюзнага мерапрыемства па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёнаў. Традыцыйна тут прымаюць дзяцей з Бранскай, Калужскай і Тульскай, а таксама з Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. "За мінулыя дзесяць гадоў пры рэалізацыі мерапрыемства Саюзнай дзяржавы мы аздаравілі 12 тыс. дзяцей. Але на гэтым спыняцца не збіраемся, наадварот, плануем прыцягнуць максімальную колькасць дзяцей - аздараўляць да 2 тыс. хлопцаў у год", - сказаў Іван Яновіч. Ён расказаў, што штогод у Саюзнай дзяржаве аб'яўляецца конкурс на выбар аздараўленчых цэнтраў, якія будуць прымаць дзяцей па гэтай праграме. "Мы закладваем даволі жорсткія параметры па адборы такіх устаноў, і тое, што "Жамчужына" шмат гадоў удзельнічае ў гэтай працы, сведчыць аб тым, што гэты цэнтр адпавядае ім", - падкрэсліў начальнік аддзела сацыяльнай палітыкі. Як расказала намеснік дырэктара па медыцынскай частцы ДРАЦ "Жамчужына" Марыя Жальнерене, для таго каб аптымізаваць усе намаганні па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні дзяцей, у цэнтры пайшлі па шляху падбору індывідуальных комплексаў працэдур. "Мы стварылі і распрацавалі на нашай базе аздараўленчыя комплексы, якія ўяўляюць сабой наборы працэдур, што прымяняюцца пры той ці іншай паталогіі. Падбіраюцца яны індывідуальна на падставе медыцынскай дакументацыі, якую дзіця прывозіць з сабой, і абследаванняў, якія праводзяцца ў цэнтры", - патлумачыла спецыяліст. У комплексы ўваходзяць водалячэнне, масажы, галацерапія, араматэрапія, заняткі ў басейне. Таксама шырока прымяняецца працэдура пад назвай "Музычная сцежка". Па словах намесніка дырэктара, яна трэніруе касцёва-цягліцавую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, умацоўвае нервовую сістэму: "Гэта адбываецца за кошт таго, што дзіця дазуе фізічную нагрузку музычным творам. Падчас заняткаў дзеці не толькі папраўляюць здароўе, але і атрымліваюць зарад станоўчых эмоцый". За перыяд працы ДРАЦ "Жамчужына" з 2002-га па верасень 2012 года тут аздаравіліся больш за 59 тыс. чалавек з Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. У гэтым годзе плануецца аздаравіць больш за 5,6 тыс. чалавек з найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёнаў Беларусі і 295 чалавек па пуцёўках Саюзнай дзяржавы.-0-