Больш за 120 боепрыпасаў часоў вайны абясшкоджаны ў Віцебску

15 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 120 боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны абясшкоджаны ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў абласнога УУС. Выбухованебяспечныя прадметы былі выяўлены пры правядзенні земляных работ на пляцоўцы будаванага будынка сацыяльна-культурнага прызначэння па вуліцы Чакалава. Пры падрыхтоўцы катлавана будаўнікі натрапілі на металічныя прадметы, падобныя на снарады. Прыбылыя на месца спецыялісты сапёрна-піратэхнічнай групы воінскай часці 5524 МУС устанавілі, што гэта авіяцыйныя бомбы "АА-8" савецкай вытворчасці. Першапачаткова сапёры выкапалі 10 бомб, якія ляжалі хаатычна ў зямлі, а затым натрапілі на акуратна складзеныя боепрыпасы. Мяркуецца, што ў гады вайны тут знаходзіўся аэрадром з інфраструктурай, у тым ліку складамі боепрыпасаў, на адзін з якіх, верагодна, і натрапілі будаўнікі. Боепрыпасы былі вывезены ў бяспечнае месца і знішчаны.-0-