Больш за 120 навучэнцаў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе сталі стыпендыятамі спецфонду Прэзідэнта Беларусі
22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2009 годзе 123 школьнікі сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Па лініі культуры і мастацтва за высокія дасягненні на розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах узнагародай адзначаны 22 юных таленты вобласці, практычна палова з іх - аршанцы. У сувязі з гэтым 23 снежня ў Оршы адбудзецца вялікае святочнае мерапрыемства, падчас якога дзесяці навучэнцам трох гарадскіх школ мастацтваў будуць уручаны пасведчанні стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Будзе арганізаваны вялікі канцэрт з іх удзелам і выстава мастацкіх работ. Шмат цёплых слоў і віншаванняў у гэты дзень прагучыць у адрас не толькі саміх герояў урачыстасці, але і іх бацькоў і педагогаў.
Усяго, пачынаючы з 1996 года - часу заснавання фонду, яго стыпендыятамі сталі 1 061 прадстаўнік Віцебскай вобласці, у тым ліку больш за 100 дзяцей былі адзначаны за дасягненні ў культуры і мастацтве. Гэта лепшы паказчык сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі, падкрэслілі ва ўпраўленні адукацыі.-0-