Больш за 130 адзінак зброі канфіскавана ў Віцебскай вобласці падчас спецаперацыі "Арсенал"
Больш за 130 адзінак зброі канфіскавана ў Віцебскай вобласці з 1 па 5 красавіка ў ходзе правядзення спецаперацыі "Арсенал", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Усяго ў жыхароў рэгіёну канфіскавана за розныя парушэнні 89 адзінак зарэгістраванай зброі, 43 - незарэгістраванай, больш за 1 тыс. боепрыпасаў, адно выбуховае прыстасаванне (корпус ад гранаты часоў Вялікай Айчыннай вайны), 5,9 кг выбуховых рэчываў. Дабравольна за дадзены перыяд грамадзяне здалі ў міліцыю 79 адзінак зброі, якая стаіць на ўліках, 54 - незарэгістраванай, амаль 3,7 тыс. боепрыпасаў, 81 выбуховае прыстасаванне (гранаты, корпусы ад іх).
Да адказнасці за парушэнні правілаў абароту зброі прыцягнуты 96 жыхароў вобласці, у тым ліку 75 - да адміністрацыйнай адказнасці і 21 - да крымінальнай па арт.295 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).
"У ходзе аперацыі "Арсенал", якая завяршылася, найбольш буйныя канфіскацыі незарэгістраванай зброі праводзіліся ў Першамайскім раёне Віцебска, Полацку, Полацкім, Глыбоцкім і Бешанковіцкім раёнах. У добраахвотным парадку найбольш актыўна зброю здавалі жыхары Бешанковіцкага, Гарадоцкага, Чашніцкага раёнаў і Кастрычніцкага раёна Віцебска", - адзначылі ва УУС, дадаўшы, што ў большасці сваёй у апошнім выпадку гаворка ідзе пра гладкаствольную зброю часоў вайны, выяўленую людзьмі пасля смерці сваякоў.