Больш за 140 эколагаў з усіх рэгіёнаў Беларусі бяруць удзел у форуме ў Бярэзінскім запаведніку
10 ліпеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Форум грамадскіх экалагічных арганізацый адкрыўся сёння ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Як расказала карэспандэнту БЕЛТА інфармацыйны менеджэр экалагічнага таварыства "Зялёная сетка" Вольга Сацук, удзельнікамі мерапрыемства сталі больш як 140 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, а таксама супрацоўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Саюза прадпрымальнікаў, Нарвежскага таварыства аховы навакольнага асяроддзя, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава, устаноў адукацыі. Форум прадоўжыцца да 12 ліпеня.
Вольга Сацук адзначыла, што апошняя такая маштабная сустрэча прадстаўнікоў экалагічных арганізацый праходзіла 7 гадоў таму. Форум павінен стаць добрай пляцоўкай для перадачы назапашанага з таго часу вопыту і абмеркавання найбольш актуальных экалагічных пытанняў. Пазіцыя ўдзельнікаў знойдзе адлюстраванне ў рэзалюцыі, прынятай па выніках сустрэчы. Будуць абмеркаваны магчымасці ўмацавання ўплыву грамадскіх арганізацый на вырашэнне экалагічных праблем у Беларусі. Эколагі выпрацуюць кансалідаванае рашэнне па такіх актуальных пытаннях, як змяненне клімату і энергетыка, ахова біяразнастайнасці, устойлівая вытворчасць і спажыванне, адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця і хімічныя рэчывы і адходы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: "Ахова птушак Бацькаўшчыны", Міжнародны гуманітарна-асветніцкі фонд "Жывое партнёрства", экалагічнае таварыства "Зялёная сетка", Цэнтр экалагічных рашэнняў, грамадскае аб'яднанне "Экадом", Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Экапраект "Партнёрства".-0-