Больш за 14,5 тыс. пропускаў на ЦТ выдадзена ў Віцебскай вобласці
16 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 14,5 тыс. пропускаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні выдадзена ў Віцебскай вобласці па стане на раніцу 16 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім рэгіянальным цэнтры тэсціравання.
У Віцебскай вобласці ажыццяўляюць рэгістрацыю і праводзяць ЦТ восем устаноў адукацыі: Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Наваполацкі дзяржаўны палітэхнічны каледж і Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж.
На базе ВДТУ свае веды вырашылі праверыць 1550 абітурыентаў, якім выдадзена 4,4 тыс. пропускаў. У ліку найбольш папулярных прадметаў сярод выпускнікоў школ руская мова, матэматыка, беларуская мова. Між тым больш за ўсё пропускаў выдадзена ў ПДУ, менш за ўсё абітурыентаў зарэгістравана ў Наваполацкім палітэхнічным каледжы.
Апошнім днём, калі маладыя людзі могуць падаць дакументы для ўдзелу ў ЦТ, з'яўляецца 1 чэрвеня. "Тэрміны рэгістрацыі строга вызначаны, таму лепш не адкладаць гэту працэдуру на апошні дзень", - падкрэсліў кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра тэсціравання Аляксандр Сувораў. Ён таксама адзначыў, што да правядзення выпрабаванняў абітурыенты павінны быць гатовыя не толькі маральна і інтэлектуальна, але і паклапаціцца аб наяўнасці галоўнага пропускнога дакумента - пашпарта.-0-