Больш за 150 змагароў возьмуць удзел у турніры па грэка-рымскай барацьбе памяці А.Гаравца ў Віцебску

17 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 150 юных барцоў прымуць удзел у адкрытым рэспубліканскім турніры па грэка-рымскай барацьбе памяці Героя Савецкага Саюза Аляксандра Гараўца. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў трэнер СДзЮСШОР №3 і адзін з арганізатараў турніру Уладзімір Аверкін. Турнір пройдзе ў Віцебску з 18 па 20 сакавіка. На традыцыйных спаборніцтвах будуць прадстаўлены каманды юнакоў (1996-1998 гадоў нараджэння) з усіх рэгіёнаў Беларусі. На працягу 3 дзён удзельнікі вызначаць наймацнейшых у 10 вагавых катэгорыях. Турнір стане адным з падрыхтоўчых этапаў юных барцоў да рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, якая пройдзе летам гэтага года. Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны медалямі і памятнымі падарункамі. Па выніках спаборніцтваў плануецца сфарміраваць зборную Віцебскай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскай школьнай спартакіядзе. Арганізатарамі турніру выступаюць упраўленне па фізічнай культуры, спорце і турызме Віцебскага аблвыканкама, абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, СДзЮСШОР №3 пры падтрымцы аддзела па фізічнай культуры гарвыканкама, школы вышэйшага спартыўнага майстэрства і прадстаўніцтва НАК па Віцебскай вобласці.-0-