Больш за 150 юных грацый з Расіі і Беларусі збяруцца ў Віцебску на турніры памяці Ніны Андрэевай

2 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 150 юных грацый з Беларусі і Расіі збяруцца 5-6 сакавіка ў Віцебску для ўдзелу ў адкрытым абласным турніры па мастацкай гімнастыцы памяці заслужанага трэнера Беларусі Ніны Андрэевай. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік грамадскага аб'яднання "Спартыўны клуб "Драйв" Валерыя Бажэнава. Турнір праводзіцца ў чацвёрты раз, і з кожным годам цікавасць да ўдзелу ў спаборніцтвах узрастае, у тым ліку з боку расійскіх спартыўных школ. На гэты раз у госці да віцебскіх гімнастак прыедуць чатыры каманды з Ніжняга Ноўгарада, Смаленскай і Пскоўскай абласцей, а таксама прадстаўнікі спортшкол Мінска, Магілёва, Баранавічаў і Слуцка. Юныя грацыі (2006 года нараджэння і старэйшыя) будуць спаборнічаць у асабістым заліку па 6 відах (без прадмета, абруч, скакалка, мяч, булавы, стужка). Спартсменкі таксама выступяць у групавых практыкаваннях і разыграюць каманднае першынство. Акрамя вызначэння пераможцаў і прызёраў турніру, судзейскай калегіі трэба будзе назваць імёны ўладальніц шматлікіх спецыяльных прызоў, заснаваных арганізатарамі спаборніцтваў. Узнагародай "За волю да перамогі" будуць заахвочаны ўладальніцы чацвёртага месца ў кожным відзе практыкаванняў, у кожнай камандзе спецыяльнай узнагародай будзе адзначана лепшая гімнастка, прызы таксама атрымаюць "Міс ачараванне", "Міс сімпатыі гледачоў". Акрамя таго, усе спартсменкі павязуць з сабой памятныя прызы і сувеніры. Традыцыйны турнір з 2010 года прысвячаецца памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Ніны Андрэевай, якая заснавала школу мастацкай гімнастыкі ў Віцебску. Арганізатары плануюць з будучага года пашырыць геаграфію ўдзельніц турніру, папярэднія дамоўленасці ўжо дасягнуты са спортшколамі еўрапейскіх краін. Арганізатарамі турніру выступаюць упраўленне па фізічнай культуры, спорце і турызме Віцебскага аблвыканкама і віцебскае грамадскае аб'яднанне "Спартыўны клуб "Драйв".-0-