Больш за 150 падлеткаў збярэ рэспубліканскі турнір па пажарным спорце ў Віцебску
18 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 150 юнакоў і дзяўчат выйдуць 19 мая на старт рэспубліканскіх спаборніцтваў па элементах пажарнага спорту па правілах Міжнароднай асацыяцыі пажарна-выратавальных службаў (CTIF) у Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў цэнтры прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС.
Спаборніцтвы збяруць 8 каманд з усіх абласцей, па-за залікам выступіць зборная ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС. У складзе каманд па 10 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 13-16 гадоў. Ім трэба будзе выяўляць наймацнейшых па двух відах практыкаванняў. У першы дзень каманды будуць аспрэчваць узнагароды ў пераадоленні 75-метровай паласы, якая ўключае спрошчаныя элементы баявога разгортвання. 20 мая ўдзельнікі пазмагаюцца ў эстафеце з перашкодамі. Па выніках выканання кожнага віду будуць узнагароджаны пераможцы і прызёры, а таксама стане вядомы ўладальнік галоўнага прыза за перамогу ў агульнакамандным заліку.
Міжнародная асацыяцыя пажарна-выратавальных службаў (да 2005 года Міжнародны тэхнічны камітэт па прадухіленні і тушэнні пажараў) утворана ў 1900 годзе і з'яўляецца найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй пажарных. Асноўная мэта яе дзейнасці - зніжэнне пажарнай небяспекі, абарона жыцця і здароўя пажарных і насельніцтва. Беларусь з'яўляецца членам CTIF з 1999 года. Пад эгідай CTIF раз на два гады праводзіцца міжнародная спартакіяда сярод юных пажарных. У Беларусі такія спаборніцтвы праходзяць штогод. У 2010 годзе пераможцам у агульнакамандным заліку стала зборная Мінскай вобласці.-0-