Больш за 165 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прайшлі бустарную вакцынацыю ад COVID-19

Бустерную вакцынацыю ад каранавіруса прайшлі больш за 165 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці, паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.

У Віцебскай вобласці вядзецца актыўная праца па рэвакцынацыі насельніцтва рэгіёна. Медыцынскія работнікі заклікаюць праходзіць бустерную вакцынацыю тым, хто ўжо шэсць ці больш месяцаў таму прайшоў першасную вакцынацыю. "Бустерная вакцынацыя дазваляе падтрымліваць абарону ад каранавіруснай інфекцыі і яе неспрыяльных наступстваў, таму яна рэкамендавана для грамадзян, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі паўгода таму", - адзначыў Уладзімір Сінкевіч.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці расказаў, што на Віцебшчыне 71,5% дарослага насельніцтва прайшлі поўны курс першаснай вакцынацыі. Сярод іх большасць падлягае рэвакцынацыі. Пры гэтым статыстыка тых, хто атрымаў першы кампанент вакцыны, практычна выраўнавалася - яго атрымалі 72,1% жыхароў вобласці.

Таксама Уладзімір Сінкевіч падкрэсліў, што з улікам прагнозу росту захворвання на каранавірус да пачатку восені і перад стартам навучальнага года варта надаць увагу вакцынацыі дзяцей. Усяго на Віцебшчыне вакцынай ад COVID-19 прышчэплена 26,4% ад агульнай колькасці дзяцей узроставай катэгорыі 12-17 гадоў.

"Нараўне з вакцынацыяй рэкамендуецца прытрымлівацца агульнавядомых правіл прафілактыкі COVID-19: выконваць рэспіраторны этыкет, мыць рукі пасля наведвання грамадскіх месцаў і апрацоўваць іх антысептычнымі сродкамі. Пры першых прыкметах недамагання варта звяртацца да ўрача", - нагадаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віцебскай вобласці.

"БЕЛТА"