Больш за 19 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці вакцынаваны супраць сезоннага грыпу
3 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 19 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці вакцынаваны супраць сезоннага грыпу па даных на 2 лістапада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксей Адееў.
На бягучым тыдні прышчэпачная кампанія працягнецца, пры гэтым у першую чаргу вакцынавацца будуць дзеці, як найбольш схільныя да захворвання сезоннымі прастуднымі інфекцыямі. Па даных на 1 лістапада, у вобласці дыягназы "грып" і "рэспіраторныя і адэнавірусныя інфекцыі" пастаўлены 409 хворым, з іх 203 - дзеці. У сувязі з цяжкім цячэннем хваробы шпіталізаваны 60 чалавек, у тым ліку 39 дзяцей.
Па словах Аляксея Адеева, ні ў адным з чатырох кантрольных гарадоў - Віцебску, Полацку, Наваполацку і Оршы - не перавышаны эпідэмічны парог захваральнасці на вострыя вірусныя рэспіраторныя інфекцыі і грып. Усе агульнаадукацыйныя школы вобласці працуюць, аднак вядзецца штодзённы маніторынг наведвальнасці заняткаў. У выпадку, калі больш за траціну вучняў будуць адсутнічаць па прычыне хваробы, школа сумесна з санітарнымі службамі можа ініцыяваць увядзенне каранціну.
Намеснік генеральнага дырэктара гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Фармацыя" Таццяна Барай паведаміла, што ў аптэках і на складах прадпрыемства на тэрыторыі вобласці вядзецца штодзённы маніторынг наяўнасці прафілактычных і сімптаматычных прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры прастудных захворваннях. Аптэкі ў дастатковай колькасці забяспечаны і марлевымі павязкамі, а таксама марлевымі тканінамі.-0-