Больш за 2 млн дрэў пасаджана ў Віцебскай вобласці ў рамках Тыдня лесу
У добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу-2016», што праходзіла з 2 па 9 красавіка, прынялі ўдзел больш за 3 тысячы жыхароў Віцебшчыны, на плошчы ў тысячу гектараў пасаджана 2,5 млн маладых дрэў. Пра гэта паведаміў вядучы інжынер па лесааднаўленні Віцебскага ДВАЛГ Аляксей Кіташаў.
Сёлета Мінлясгас прысвяціў акцыю 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На працягу многіх гадоў у «Тыдні лесу» традыцыйна ўдзельнічаюць людзі розных узростаў і прафесій. Актыўную падтрымку лесаводам аказваюць школьнікі, студэнты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Ім прадастаўляецца магчымасць на практыцы пазнаёміцца з працай лесаводаў, далучыцца да вырашэння задач па захаванні нацыянальнага багацця.
Іна Яфімава (на фота). Ураджэнка Мосара Глыбоцкага раёна год таму скончыла Полацкі лясны каледж. Прафесію выбірала свядома, таму што падабаецца даглядаць за лесам, назіраць, як ён расце. За час вучэбнай практыкі і пакуль што нядоўгай самастойнай работы Іна Яфімава сваімі рукамі ўжо пасадзіла дзясяткі тысяч саджанцаў. У гэтым годзе малады спецыяліст мае намер працягнуць навучанне ў БДТУ, каб удасканальвацца ў прафесіі і лепш ведаць таямніцы лесу.
Сяргей Ляшук, «Віцебскія весці».