Больш за 2 тыс. камбайнаў выйдзе на палі Віцебскай вобласці ва ўборачную пару
24 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 2 тыс. адзінак збожжаўборачнай тэхнікі выйдзе на палі Віцебскай вобласці ў цяперашнюю ўборачную кампанію, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама выканаючы абавязкі старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Эдуард Дзям'янаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гатоўнасць тэхнікі пакуль складае 90%. Асаблівую трывогу кіраўнікоў гаспадарак выклікае новая тэхніка вытворчасці Мінскага трактарнага завода і "Гомсельмаша". Па словах Эдуарда Дзям'янава, калі раней у гаспадаркі паступалі адзін-два камбайны або трактары, і правесці іх абкатку не складала працы, то ў гэтым годзе, калі парк папоўніўся сотнямі адзінак тэхнікі, гаспадаркам самастойна ажыццявіць іх падрыхтоўку вельмі складана.
Сезонная нагрузка на адзін камбайн, прагназуецца, складзе 266 га. У жніўні - на піку ўборкі, на 1 камбайн у дзень прыйдзецца каля 10 га плошчаў. Такім чынам, шмат у чым ад гатоўнасці тэхнікі будзе залежаць і хуткасць уборкі, і захаванасць ураджаю, заключыў ён.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў ад гаспадарак на працягу найбліжэйшых некалькіх дзён завяршыць падрыхтоўку тэхнікі, правесці закупку запчастак. Асаблівую ўвагу неабходна надаць забеспячэнню патрабаванняў па ахове працы і стварэнню добрых сацыяльна-бытавых умоў для людзей, занятых на ўборцы, падкрэсліў Аляксандр Косінец. На набыццё дызельнага паліва аблвыканкам выдзеліў Br64 млрд.
У вобласці трэба ўбраць 355 тыс.га збожжавых. Па падліках спецыялістаў, біялагічны аб'ём збожжа ацэньваецца ў 1,4 млн. т у бункернай вазе, пры сярэдняй ураджайнасці 34 ц/га. Усталяванае цёплае надвор'е дазваляе спадзявацца, што масавая ўборка ў вобласці пачнецца праз 5-7 дзён.-0-