Больш за 2 тыс. віцяблян выйдуць 15 траўня на старт лёгкаатлетычнага прабегу

13 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці заснавала 36 прызоў для пераможцаў і прызёраў лёгкаатлетычнага прабегу 15 мая, які адкрые ў абласным цэнтры мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму Алімпійскаму дню. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў выканаўчы дырэктар прадстаўніцтва Віктар Бынькоў. На старт дыстанцыі працягласцю 1,2 км, якая пракладзена па праспекце Перамогі, выйдуць, па папярэдніх ацэнках, каля 2 тыс. чалавек. Усяго будзе арганізавана 12 забегаў у розных узроставых катэгорыях. Акрамя кубкаў з памятнымі гравіроўкамі для прызёраў, усе ўдзельнікі забегу атрымаюць сертыфікаты НАК Беларусі. Затым усе жадаючыя змогуць далучыцца да гарадскога культурна-спартыўнага свята, арганізаванага ў раёне культурна-дзелавога цэнтра "Першамайскі". Галоўнай падзеяй свята стане адкрыццё выставы работ і ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу "Віцебшчына алімпійская". Такі конкурс сярод навучэнцаў школ вобласці арганізаваны ў гэтым годзе абласным прадстаўніцтвам НАК упершыню і будзе праводзіцца пастаянна ў гады Алімпійскіх гульняў, адзначыў Віктар Бынькоў. На конкурс было прадстаўлена больш за 200 работ у трох намінацыях: "Літаратурная творчасць", "Графіка", "Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва". Журы ацэніць творчае асэнсаванне ідэалаў алімпійскага руху маладым пакаленнем і ўзнагародзіць лепшыя работы ў дзвюх узроставых катэгорыях. У межах святкавання Міжнароднага Алімпійскага дня прадстаўніцтва НАК адкрые алімпійскі куток у гімназіі №1 Віцебскага раёна. Гэта навучальная ўстанова прадставіла лепшы праект алімпійскага кутка на конкурсе сярод сельскіх агульнаадукацыйных устаноў, таму ўсе работы па яго ўвасабленні ў жыццё выкананы за кошт сродкаў абласнога прадстаўніцтва НАК. Адкрыццё алімпійскіх куткоў у навучальных установах прадугледжана абласной праграмай развіцця алімпійскай адукацыі на 2010-2012 гады. Фінальным акордам святкавання ў абласным цэнтры стане канцэрт, падчас якога пройдзе ўшанаванне ветэранаў спорту і ўзнагароджанне прызёраў разнастайных алімпійскіх мерапрыемстваў у горадзе. Масавыя спартыўныя святы пад алімпійскім лозунгам "Хутчэй! Вышэй! Мацней!" пройдуць ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці.-0-