Больш за 20 брыгад аднаўляюць энергазабеспячэнне, парушанае ўраганам "Нікалас" у Віцебскай вобласці
8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рамонтныя брыгады Віцебскага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі "Віцебскэнерга" на працягу ўсёй сённяшняй ночы будуць ліквідаваць наступствы ўрагану "Нікалас", які бушуе ў вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара "Віцебскэнерга" Ігар Грыцкевіч.
Першыя сігналы аб адключэннях пачалі паступаць у дыспетчарскую службу электрасетак сёння пасля 15.00. У цяперашні час без энергазабеспячэння, па аператыўных даных, застаюцца 44 населеныя пункты Віцебскай вобласці, адключаны 97 трансфарматарных падстанцый. На ліквідацыі наступстваў задзейнічаны 23 рамонтныя брыгады, 23 адзінкі тэхнікі.
Стыхія працягвае бушаваць на тэрыторыі паўночнага рэгіёна, таму энергетыкі не выключаюць, што колькасць абясточаных населеных пунктаў можа ўзрасці.
Паводле даных Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, найбольшую шкоду "Нікалас" нанёс Пастаўскаму, Лепельскаму, Докшыцкаму раёнам, пацярпелі таксама Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Мёрскі, Ушацкі раёны.
У сувязі з тым, што моцны вецер у бліжнія суткі прагназуецца ў асноўным па поўначы і паўночным захадзе рэспублікі, МНС рэкамендуе жыхарам гэтых рэгіёнаў па магчымасці заставацца дома, пераставіць аўтамабілі ў бяспечнае месца і прыняць іншыя неабходныя меры засцярогі.
Як паведамлялася, правадніком неспакою ў многіх краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы стаў актыўны цыклон, які нямецкія метэаролагі назвалі "Нікалас". Цыклонны віхор, які зарадзіўся ў панядзелак над Усходняй Атлантыкай, са скорасцю 100 км/г рухаўся ва ўсходнім напрамку, і сёння раніцай яго цэнтр ужо размяшчаўся над Швецыяй. Пры гэтым у паўднёвай частцы Балтыйскага мора, дацкіх пралівах, на поўначы Германіі і Польшчы, узбярэжжы Літвы і Латвіі вецер дасягаў ураганнай сілы.
Да сярэдзіны дня "Нікалас" наблізіўся да Фінскага заліва, а яго атмасферныя франты прынеслі ў Беларусь ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу і рэзкае ўзмацненне ветру да 15-22 метраў у секунду, а месцамі - да 25-27 метраў у секунду. Такая надвор'е будзе і ўночы.
Ветрана будзе таксама ў сераду днём. У далейшым следам за цыклонам, які сыходзіць на Расію, у Беларусь накіруюцца халодныя паветраныя масы паўночных шырот. Такім чынам, "Нікалас" адкрые дарогу пахаладанню.-0-