Больш за 20 пляцовак у Віцебскай вобласці арганізавана для ўдзелу ў абласной патрыятычнай акцыі «Дыктант Перамогі».
– 22 сакавіка 1943 года дашчэнту была спалена беларуская вёска Хатынь. Ад рук карнікаў загінула амаль усе яе жыхары: 149 чалавек, з якіх 75 – дзеці. Гэта боль, якую немагчыма выказаць словамі. Прыклад Хатыні – адзін з самых суровых урокаў у нашай гісторыі. Вельмі важна перадаваць эстафету памяці падрастаючаму пакаленню, каб не дапусціць паўтарэння вайны і генацыду на нашай зямлі. Традыцыйна менавіта ў гэты дзень мы праводзім «Дыктант Перамогі», – падкрэсліла другая сакратар абкама БРСМ Жанна Нарыцына. – Таксама даем старт абласной патрыятычнай акцыі «Памяць пакаленняў», у якую ўваходзяць конкурс малюнкаў і макетаў абеліскаў Віцебшчыны, патрыятычны праект «Аўтапоезд памяці» і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На адну з пляцовак у Віцебску – у абласную бібліятэку імя У. Леніна – прыйшло больш за 20 чалавек. Сярод іх прадстаўнікі кіраўніцтва Віцебскай вобласці, грамадскіх аб'яднанняў, актывісты БРСМ, пераможцы розных конкурсаў і праектаў.
– Хатынь – гэта сімвал смутку беларускага народа. Такіх месцаў нямала і на Віцебшчыне. Толькі летась праведзена шэсць пошукавых работ у межах справы па генацыдзе беларускага народа, – адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслаў Хрол. – Патрыятычнае выхаванне і гістарычная памяць – гэта агульная справа старэйшага пакалення і моладзі. І тыя мерапрыемствы, якія рэалізуюцца ў вобласці і краіне, з'яўляюцца знакавымі, кранаюць душу і адлюстроўваюцца ў кожным з нас.
Пра асабістую трагедыю ў сям'і, звязаную з Хатынскай трагедыяй, падзялілася вядучая праграм ТРК «Віцебск» Наталля Парфёнава.
– Мая бабуля па бацькоўскай лініі – Ганна Прусава – страціла ў Хатыні старэйшае дзіця, якому было тры гады, і сваю маму. Менавіта ў той лёсавызначальны дзень яна пайшла да мужа-партызана ў лес аднесці ежу, – расказала Наталля Парфёнава. – Прыйшлі карнікі, замкнулі іх у лазні і падпалілі. Пад падлогай захавалася алавяная банка з дакументамі і абвуглены партбілет…
Ганна Прусава працавала аграномам, у дасканалым веданні валодала нямецкай мовай. Дзякуючы гэтаму яна выратавала шмат яўрэйскіх дзяцей ад смерці: выстрыгала пралысіны на галаве, мазала зялёнкай і вывозіла іх на павозцы.
– Праз кожны кіламетр стаялі фашысты, бабуля давала ім хабары (самагон і сала), казала, што вывозіць сваіх дзяцей у іншую вёску да лекара, каб не заразіць тыфам іншых, – дадала Наталля Парфёнава. – Я вельмі ганаруся сваёй бабуляй. Пасля вайны ў Ізраілі ў гонар людзей, якія дапамагалі яўрэям, высаджвалі алеі дрэў з таблічкамі. Там ёсць і імя Ганны Прусавай.
«Дыктант Перамогі», які трэба было напісаць удзельнікам акцыі, складаўся з тэставых заданняў. Галоўнай тэмай стала Хатынь, генацыд беларускага народа ў гады вайны. Былі і пытанні, якія тычацца мемарыяльных аб'ектаў Беларусі, у тым ліку Віцебскай вобласці, грамадска-палітычнай абстаноўкі ў свеце. На напісанне адводзілася 45 хвілін. Пытанні падрыхтаваў дырэктар Віцебскага раённага музея Андрэй Кулябкін.
– Я ўпершыню прымаю ўдзел у гэтай акцыі. Тэма Вялікай Айчыннай вайны вельмі важная для маладога пакалення. Мы не павінны забываць мінулае, а ўдзяляць асаблівую ўвагу захаванню гістарычнай памяці, – падкрэсліў стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Яраслаў Іваноў са Віцебска.