Больш за 20 работ прадстаўлена на конкурс па стварэнні гімна Віцебска
4 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 20 работ прадстаўлена на конкурс па стварэнні гімна Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.
У конкурсе прымаюць удзел аўтары з Віцебскага, Сянненскага, Лёзненскага раёнаў, Віцебска, Мінска, Наваполацка і нават Санкт-Пецярбурга (Расія). На разгляд журы, у склад якога ўвойдзе цэлы шэраг спецыялістаў, дасланы тэксты на беларускай мове, музыка і гатовыя гімны (тэкст і ноты), пазначаныя дэвізам.
Па ўмовах конкурсу, абвешчанага ў пачатку верасня, удзельнікам трэба было стварыць запамінальны, патрыятычны, урачысты твор, які адлюстроўвае індывідуальнасць і гісторыка-культурную каштоўнасць Віцебска. Наколькі аўтарам удалося дасягнуць гэтай мэты, стане вядома ў канцы кастрычніка. У выпадку адсутнасці пераможцы будзе праводзіцца другі тур, дадалі ў аддзеле культуры.-0-