Больш за 20 рэспубліканскіх прадпрыемстваў плануецца акцыянаваць у 2010 годзе ў Віцебскай вобласці

29 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 20 прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці, размешчаных у Віцебскай вобласці, плануецца акцыянаваць у 2010 годзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Віцебскага тэрытарыяльнага фонду "Віцебскаблмаёмасць" Святлана Лукашэвіч.

У іх лік увайшлі рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Наваполацкжалезабетон", "ВІСТАН", "Аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны бальшавік", "Аршанскі інструментальны завод", "Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў" і шэраг іншых. З улікам значнага аб'ёму маючага адбыцца рэфармавання фактычна ўсе прадпрыемствы, якія плануюцца да акцыянавання ў бягучым годзе, прыступілі да падрыхтоўчых работ яшчэ ў 2009 годзе. Фонд "Віцебскаблмаёмасць" арганізаваў цыкл навучальных семінараў для кіраўнікоў і службовых асоб па пытаннях падрыхтоўкі балансу па стане на 1 студзеня 2010 года з улікам вынікаў інвентарызацыі асноўных сродкаў. Ён стане падставай для фарміравання статутнага фонду будучых ААТ, таму якасная арганізацыя ўліку прадвызначае дакладнасць памераў статутных фондаў, а таксама ў далейшым станоўча адаб'ецца на тэмпах работ па акцыянаванні, адзначыла Святлана Лукашэвіч. Ужо ў студзені птушкафабрыка "Гарадоцкая" правяла сход работнікаў, якія падтрымалі рашэнне аб пераўтварэнні прадпрыемства ў ААТ.

У 2009 годзе ў Віцебскай вобласці акцыянавана 12 рэспубліканскіх прадпрыемстваў, у тым ліку створаны ААТ "Маналіт", ААТ "Віцебскі завод электравымяральных прыбораў", ААТ "Віцязь", ААТ "Птушкафабрыка Аршанская", ААТ "Лёс" (Аршанскі раён), а таксама два прадпрыемствы пераўтвораны ў ААТ разам з галоўнымі арганізацыямі адзіным маёмасным комплексам. У ходзе прыватызацыі рэспубліканскай уласнасці дадаткова пастаўлена на ўлік амаль 450 аб'ектаў нерухомасці на агульную суму каля Br3,9 млрд. Усе зноў створаныя акцыянерныя таварыствы зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і ажыццяўляюць рэгістрацыю сваіх каштоўных папер.-0-