Больш за 20 тыс. юных гледачоў наведалі навагоднія мерапрыемствы Цэнтра культуры "Віцебск"
Больш за 20 тыс. юных гледачоў пабывалі на навагодніх і калядных мерапрыемствах Цэнтра культуры "Віцебск", распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры, падводзячы вынікі святочнай кампаніі.
Цэнтр культуры "Віцебск" задзейнічаў усе рэсурсы для таго, каб жыхары Віцебска і госці горада максімальна камфортна, разнастайна і цікава правялі навагоднія святы і Каляды. Абсалютна ўсе гарадскія пляцоўкі, за выключэннем Летняга амфітэатра, былі заняты навагоднімі прадстаўленнямі і ўрачыстасцямі. Пачынаючы з 17 снежня 2012 года і аж да 7 студзеня 2013 года доўжылася "Елачная феерыя" - прадстаўленне для самых маленькіх гледачоў. Вясёлую музычную тэатралізаваную праграму з гульнямі, песнямі, танцамі і конкурсамі ўдзельнікі народнага тэатра гульні, а таксама гуртоў эстраднага танца "PROдвижение" і "Шаттл" паказалі 41 раз для больш чым 5 тыс. дзетак і іх бацькоў.
Галоўнай падзеяй навагодняй кампаніі стаў інтэрактыўны мюзікл для дзяцей "Снягурка" у канцэртнай зале "Віцебск". На яго рэалізацыю былі задзейнічаны ўсе асноўныя сілы Цэнтра культуры. Казку Ганса Хрысціяна Андэрсена самадзейныя артысты давалі 22 разы, яе паглядзелі амаль 16 тыс. гледачоў.
Каля 2 тыс. гараджан у святочныя дні наведалі філіял цэнтра культуры "Віцебск" - комплекс культурна-масавага адпачынку ім. Савецкай Арміі, дзе іх чакалі канцэртныя праграмы з удзелам народнага яўрэйскага ансамбля "Віцебскія дзяўчаты", вакальнага ансамбля "Калінка", клуба гістарычнай рэканструкцыі "Варгенторн" і шоу-гурта "Інспектар ЖУФФ". Акрамя таго, быў арганізаваны пракат зімовага спартыўнага інвентару.
Як адзначылі ў Цэнтры, самадзейныя калектывы паспелі парадаваць не толькі сваіх суайчыннікаў. Так, народны моладзевы тэатр "Кола" дапамагаў запальваць цэнтральную навагоднюю елку Рэспублікі Казахстан у Астане. Ансамблі танца "Лявоніха" і гармоністаў "Дабрадзеі" у Вялікіх Луках (Расія) прынялі ўдзел у святочным канцэрце, прысвечаным Калядам Хрыстовым. Народны ансамбль цымбалістаў "Гарэзлівыя перазвоны" даў канцэрты ў Берліне, Дзюсельдорфе, Брэмене, Майнцы, Максдорфе і іншых гарадах Германіі.