Больш за 20 валанцёрскіх міні-ініцыятыў Віцебскай вобласці выбраны для атрымання еўрапейскіх грантаў

Более 20 волонтерских мини-инициатив Витебской области выбраны для получения европейских грантов

Больш за 20 валанцёрскіх міні-ініцыятыў Віцебскай вобласці выбраны для атрымання фінансавання ад Дацкага Чырвонага Крыжа і Еўракамісіі, паведаміў вядучы спецыяліст абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Рачкоўскі.

У Віцебскай вобласці праходзіць чарговы этап конкурсу малых грантаў па праекце "Мясцовыя ініцыятывы валанцёрскіх груп у аддаленых раёнах Беларусі" пры падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа і Еўракамісіі. Ён рэалізуецца ўжо трэці год, цяперашняя фаза закранае тры рэгіёны: Магілёўскі, Брэсцкі і Віцебскі. "Ад нашай вобласці было пададзена 32 заяўкі амаль з кожнага раёна. Каардынацыйны савет адабраў 15 найлепшых ініцыятыў, а таксама яшчэ 7 прэтэндэнтаў на атрыманне гранта. Усе яны будуць запрошаны на трэнінг па праектным менеджменце, які пройдзе ў Браславе 13-15 лістапада, для складання бюджэту. Пасля чаго названым сямі кандыдатам будзе дадзена тыдзень на тое, каб выправіць свае заяўкі з улікам рэкамендацый конкурснай камісіі. Калі справяцца, ім таксама будзе аказана фінансавая падтрымка", - растлумачыў Дзмітрый Рачкоўскі. Гаворачы пра ініцыятывы, ён адзначыў, што больш заахвочваліся праекты з глыбінкі. Кожны накіраваны на вырашэнне нейкіх вострых сацыяльных праблем у сваіх супольнасцях. "Тэмы былі самыя розныя: ад прафілактыкі ВІЧ і туберкулёзу да падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Мне, напрыклад, вельмі спадабаўся праект з Браслава па адвакацыі безбар'ернага асяроддзя. Мясцовыя валанцёры хочуць правесці даследаванне гарадскога асяроддзя і яго зручнасці для інвалідаў-калясачнікаў. Яны ўжо заручыліся падтрымкай мясцовых органаў улады, ЖКГ, якія гатовыя рэагаваць, калі будуць знойдзены праблемныя месцы", - дадаў Дзмітрый Рачкоўскі.

Неўзабаве пасля фарміравання каштарысу кожнай міні-ініцыятывы яны могуць разлічваць на атрыманне фінансавання. Яно складае Br8 млн на праект, але таксама суб'ект, які яе рэалізуе, павінен прыцягнуць уласныя сродкі ў памеры не менш за палову ад гэтай сумы. Фактычна, з пачатку снежня ініцыятывы пачнуць рэалізоўвацца. Фінансаваная частка складзе тры месяцы, але прадугледжваецца, што пасля наладжвання працы па праектах яны будуць працягнуты ўласнымі сіламі.

Кацярына Князева, БелТА.