Больш за 200 чалавек і 80 адзінак тэхнікі будуць задзейнічаны ў вучэннях ратавальнікаў Беларусі, Літвы і Латвіі

22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш 200 работнікаў аварыйна-выратавальных і аварыйна-аднаўленчых службаў, 80 адзінак тэхнікі будуць задзейнічаны ў рэгіянальных аператыўна-тактычных вучэннях Беларусі, Літвы і Латвіі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Ярмош. Маштабныя вучэнні пройдуць на тэрыторыі Полацкага і Мёрскага раёнаў 23-24 чэрвеня. Акрамя работнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі і рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння ў іх прымуць удзел ратавальнікі з Літвы, Латвіі, спецыялісты аварыйна-аднаўленчых службаў прадпрыемстваў, якія займаюцца абслугоўваннем прадуктаправодаў і нафтаправодаў. У ходзе вучэбнай аперацыі будзе задзейнічана сучасная тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні ратавальнікаў, у тым ліку 4 верталёты і 2 самалёты падраздзяленняў МНС Рэспублікі Беларусь. Па словах Аляксандра Ярмоша, вучэбная сітуацыя змодэлявана на аснове рэальных падзей. Галоўная мэта вучэнняў - на практыцы адпрацаваць комплекс мер, якія прымаюцца ў надзвычайных сітуацыях, праверыць зладжанасць узаемадзеяння па ліквідацыі аварый і іх наступстваў, напрацаваць практыку сумесных дзеянняў службаў сумежных дзяржаў. Сцэнарыем вучэнняў прадугледжана правядзенне работ па ліквідацыі наступстваў дзвюх надзвычайных сітуацый, якія ўзніклі ў выніку прарыву нафтапрадуктаправодаў на рацэ Заходняя Дзвіна і яе прытоках. Вучэбная сітуацыя будзе ўскладнена раптоўным узнікненнем пажару на месцы разліву дызпаліва і лясным пажарам. Яшчэ адным ускладняючым фактарам стануць выбухі снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны на месцы пажару і раненне людзей, якія выпадкова апынуліся ў эпіцэнтры падзей. Такім чынам, акрамя мерапрыемстваў па ачыстцы вод, ратавальнікам давядзецца ліквідаваць пажары, ратаваць пацярпелых і па паветры дастаўляць іх у шпіталь. У тушэнні ляснога пажару прыме ўдзел парашутна-дэсантная група УМНС і авіяцыя МНС. Ратавальнікі з Латвіі і Літвы, па сцэнарыі, прымуць удзел у ліквідацыі наступстваў разліву нафтапрадуктаў на памежнай тэрыторыі ў раёне вёскі Узмены Мёрскага раёна. Іх прыбыццё на тэрыторыю Беларусі будзе бесперашкодна забяспечана мытнымі і памежнымі службамі, якія такім чынам у ходзе вучэнняў адпрацуюць свае дзеянні пры ўзнікненні трансгранічнай надзвычайнай сітуацыі. Вучэнні з'яўляюцца часткай міжнароднага праекта "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва", разлічанага на 2008-2009 гады. Яго фінансаванне ажыццяўляецца Еўрасаюзам. За ходам вучэнняў будуць сачыць міжнародныя і рэгіянальныя назіральнікі.-0-