Больш за 200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці сабраліся на канферэнцыі БРСМ «Час выбраў нас»
Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая, намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын, сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова і іншыя.
На канферэнцыі падводзіліся вынікі работы за перыяд з 2017 года, намячаліся мэты і планы на будучыню.
— Моладзь — гэта апора і падтрымка дзяржавы, гэта крэатыўны рух наперад, — адзначыў Анатоль Ліневіч. — Трэба адзначыць, што за апошнія пяць гадоў БРСМ, у тым ліку Віцебскі абласны камітэт, рэалізаваў шмат запатрабаваных і перспектыўных праектаў. З цікавымі ініцыятывамі выступаюць прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Перад намі, старэйшымі таварышамі моладзі, стаіць важная задача — мудра накіраваць невычарпальную энергію хлопцаў і дзяўчат у патрэбнае рэчышча, прыслухоўвацца да іх.
Сапраўды, за апошнія гады прадстаўнікам саюзнай моладзі Віцебшчыны, а гэта больш за 42 тысячы чалавек, ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, перамогамі ў рэспубліканскіх конкурсах і праектах «Студэнт года», «Каралева Студэнцтва», «Уладар сяла», «Валанцёр года — Даброе Сэрца», «100 ідэй для Беларусі», «Інтэрнэт-прэмія БРСМ» і іншых.
Як адзначыў першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў, асноўных напрамкаў работы ў арганізацыі сем.
Сумесна з органамі ўлады, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі рэалізуюцца праекты «Поезд памяці» ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі», патрыятычны марафон «Аўтапоезд памяці», турніры па інтэлектуальных гульнях, конкурсы на лепшую пярвічную арганізацыю і тэрытарыяльны камітэт, спартакіяды актыву, водныя паходы, чэмпіянаты па пазаарэнным лазертагу.
— Мы паспяхова рэалізавалі форумы для працуючай моладзі ў Полацку на базе ААТ «Полацк-Шкловалакно», на прадпрыемствах Віцебска, Лепельскага, Пастаўскага, Бешанковіцкага раёнаў, для сельскай моладзі ў Полацкім раёне, — адзначыў Уладзімір Генадзьевіч. — Сёлета ўпершыню прайшла абласная студэнцкая Масленіца на базе культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Святочнае мерапрыемства пачалося з адкрытага дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра» з удзелам студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі вобласці і запрошаных экспертаў.
У красавіку ўпершыню адбыліся гарадскія спаборніцтвы сярод навучэнцаў усіх вышэйшых навучальных устаноў вобласці STUD.СПОРТ.
Віцебская абласная арганізацыя два гады рэалізуе свой уласны праект «Тыдзень з вышыванкай». У яго рамках тэрытарыяльныя камітэты і пярвічныя арганізацыі правялі мерапрыемствы напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З нацыянальным каларытам атрымаліся праект «Роднае слова», накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, «Вяселле ў вышыванцы», «Арт-эстафета», удзельнікі якой выяўлялі элементы беларускага арнаменту ў розных тэхніках, конкурс «Селфі-фота з вышыванкай». Падчас акцыі «Падары немаўляці вышыванку» было арганізавана віншаванне 92 дзяцей па ўсёй вобласці.
Парадавалі вынікі Міжнароднай інтэлектуальнай бізнес-гульні «Пачатковец фермер», якая аб'яднала каля 200 маладых людзей з Расіі, Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Германіі, Казахстана і Кыргызстана — 34 каманды. З дзесяці каманд-фіналістаў, якія прадстаўляюць Беларусь, каманда Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя атрымала перамогу ў катэгорыі «Каманды студэнтаў аграрных прафесійных адукацыйных арганізацый» з праектам «Буянка — ягада, што падаўжае жыццё».
Працягваюць сваю працу маладзёжныя атрады аховы правапарадку. У вобласці іх створана 73 — гэта больш за 1000 хлопцаў. Лепшым удзельнікам МОАП выдаюць рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта БРСМ для паступлення ва ўстановы адукацыі сілавых структур, праходжання тэрміновай службы. Сёлета іх ужо атрымалі 36 чалавек.
Акtyўна ўдзельнічаюць прадстаўнікі Віцебшчыны ў рэспубліканскім праекце БРСМ «100 ідэй для Беларусі». За апошнія два гады 7 праектаў нашай вобласці занялі першыя месцы ў фінале гэтага конкурсу. Два з іх атрымалі магчымасць на камерцыялізацыю: распрацоўкі «Лялька.БАЙ» і «Шматфункцыянальны кій».
Студатрадаўскі рух — адна з візітных картак абласной арганізацыі БРСМ. З 2017-га па 2020 год у складзе атрадаў і індывідуальна працаўладкавана 19 тысяч маладых людзей. Па выніках працоўных семестраў будаўнічы атрад «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, быў прызнаны лепшым і ўдастоены пераходнага сцяга лепшага студэнцкага атрада.
У вобласці працуе 331 атрад валанцёрскага руху БРСМ «Даброе Сэрца» колькасцю больш за 5500 чалавек. Па выніках штогадовых рэспубліканскіх конкурсаў «Валанцёр года» і «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак» 36 узнагарод — у прадстаўнікоў Віцебшчыны.
Абласной арганізацыяй БРСМ падпісаны пагадненні са Смаленскай, Пскоўскай, Калінінградскай абласнымі арганізацыямі Расійскага саюза моладзі, пагадненне аб супрацоўніцтве з Растоўскай грамадскай арганізацыяй «Донскі саюз моладзі».
У красавіку ў Дубровне прайшоў форум маладых лідараў прыгранічча Беларусі і Расіі. У чэрвені прадстаўнікі Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ прынялі ўдзел у маладзёжным патрыятычным форуме «Мы памятаем» у Пскове.