Больш за 200 навуковых работ выканана студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава ў 2010 годзе
13 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 200 навуковых работ было выканана студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава (ВДУ) у 2010 годзе, у тым ліку звыш 120 аўтараў распрацовак сталі лаўрэатамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня Савета студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта Вераніка Карацерзі.
Навуковыя даследаванні і распрацоўкі студэнтаў закранаюць не толькі фундаментальную тэматыку, але і маюць практычную накіраванасць. Так, студэнт 3-га курса біялагічнага факультэта Павел Галкін правёў даследаванні асаблівасцей фарміравання інжынерна-геалагічных умоў Віцебска. Магістрант педагагічнага факультэта Анастасія Несцярэнка выканала работу па тэме "Своеасаблівасць моўнай культуры школьнікаў з інтэлектуальнай недастатковасцю". Гэтыя работы прызнаны лепшымі ў сваіх секцыях на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў у 2010 годзе, а іх аўтары сталі ўладальнікамі званняў лаўрэатаў. Акрамя таго, аўтары яшчэ 28 работ атрымалі першую катэгорыю на конкурсе.
Універсітэт працягне ў 2011 годзе работу па папулярызацыі і павышэнні прэстыжу навуковай дзейнасці сярод моладзі, прыцягненні студэнтаў да навукова-даследчай работы. Цэнтральнымі падзеямі студэнцкай навукі ў ВНУ па традыцыі стануць дзве навукова-практычныя канферэнцыі. Навуковы форум "Адукацыя XXI стагоддзя" сёлета ўпершыню будзе праходзіць у статусе рэгіянальнага мерапрыемства, да ўдзелу ў якім запрашаюцца навучэнцы ўсіх ВНУ вобласці. У пяты раз ВДУ арганізуе канферэнцыю для маладых вучоных, магістрантаў і студэнтаў "Машэраўскія чытанні". З 2010 года гэты форум мае міжнародны статус. У мінулым годзе ў яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі ВНУ з пяці краін. У 2011 годзе арганізатары маюць намер пашырыць геаграфію ўдзельнікаў "Машэраўскіх чытанняў".-0-