Больш за 200 дзяцей прынялі ўдзел у абласных этапах ваенна-патрыятычных гульняў у Віцебску
– Ваенна-патрыятычныя гульні праходзяць на плацы праслаўленага падраздзялення. Тыя хлопцы, якія прыехалі сюды, гатовыя адстаяць гонар свайго раёна, вобласці ў фінале. Асноўная задача сёння – прадэманстраваць веды і навыкі ў фізічнай падрыхтоўцы, якія яны набывалі на працягу ўсяго навучання, – падкрэсліў намеснік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі маёр Андрэй Баланеску.
Па словах загадчыка аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці абласнога камітэта БРСМ Ірыны Алюшынай, спаборніцтвы, якія смела можна назваць школай мужнасці і выхавання сілы волі, сабралі каля 200 хлопцаў з ліку навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Камандам «Арляня» трэба будзе прадэманстраваць сваё майстэрства ў конкурсе агляду строя і песні, прайсці выпрабаванні на трапнасць і пераадолець перашкоды ў ваенна-спартыўным выпрабаванні. Акрамя таго, камандам неабходна прадставіць «Баявы лісток» у рамках творчага этапу.
Прыкласці максімум намаганняў, каб прайсці этапы гульні, мае намер каманда «Факел» Лепельскага раёна. У яе складзе – чатыры смелыя і баявыя дзяўчынкі.
– Мы старанна трэніраваліся, качалі прэс, бегалі, адточвалі строявую падрыхтоўку. У гульні «Арляня» мы не навічкі, летась на абласным этапе ўзялі першае месца. Сёлета таксама маем намер справіцца на выдатна, – падзялілася капітан каманды «Штольня» Дар'я Раўт.
У «Зарніцы. Паўночны рэгіён» вызначаць найлепшых юнакоў сярод членаў Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, якія спаборнічаюць у спартыўна-прыкладным мнагабор'і, ваенізаванай эстафеце, конкурсе па строявой падрыхтоўцы і інш. У складзе каманды «Зарніца» ад Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа ўпершыню выступае Данііл Калачынскі, які ўпэўнены, што фізічная падрыхтоўка важная ў любой справе.
– Больш за ўсё ўпор рабілі на строявыя прыёмы, праходжанне маршам з выкананнем строявой песні. Таксама падцягвалі і фізічную падрыхтоўку. Мне вельмі падабаецца праходзіць паласу перашкод, ваенізаваную эстафету, і спадзяюся, што ў гэтых выпрабаваннях мы дамо фору іншым камандам, – сказаў Данііл.
Арганізатарамі гульняў з'яўляюцца абласны камітэт ГА «БРСМ», 103-я Віцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама, Віцебская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ.