Больш за 200 сіласных траншэй пабудуюць у 2019 годзе ў Віцебскай вобласці

Планы па будаўніцтве сілосных і сенажных траншэй на 2019 год у Віцебскай вобласці павінны быць выкананы ў поўным аб'ёме. Пра гэта заявіў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на абласным семінары па пытаннях жывёлагадоўлі, арганізацыі падрыхтоўкі і правядзення веснавых палявых работ.

"Усяго ў гаспадарках рэгіёна ў бягучым годзе плануецца пабудаваць больш за 200 сілосных і сенажных траншэй. Планы па будаўніцтве такіх траншэй павінны быць выкананы ў поўным аб'ёме. Пры гэтым іх узвядзенне трэба пачынаць з вясны, а рыхтавацца да будаўнічых работ ужо цяпер. Спытаюць з кожнага старшыні райвыканкама будзе індывідуальна па кожным аб'екце", - сказаў губернатар, звяртаючыся да актыву раёнаў.

Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу на сур'ёзнасці дадзенай тэмы і яе асаблівай актуальнасці для рэгіёну. "Гэта пытанне стаіць на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы, Камітэта дзяржаўнага кантролю і тычыцца перш за ўсё Віцебскай вобласці. Толькі ў нас у буртах і непрыстасаваных умовах захоўваецца кармоў больш, чым у іншых рэгіёнах краіны", - сказаў ён.

Кіраўнік вобласці таксама адзначыў важнасць кантролю за ходам будаўніцтва і своечасовым уводам у эксплуатацыю сучасных малочна-таварных комплексаў, што дазволіць значна павысіць эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны. Па словах намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыса Ефрэмава, у 2019 годзе ў рэгіёне плануецца дабудаваць 9 сучасных малочна-таварных ферм (у тым ліку 4 у Аршанскім раёне) і яшчэ 4 увесці ў эксплуатацыю пускавымі комплексамі.

"Увод такіх аб'ектаў істотна ўплывае на сітуацыю ў мясцовай сельскагаспадарчай галіне: адразу ж адзначаецца павелічэнне валавай вытворчасці малака, яго рэалізацыі, што станоўча адбіваецца і на дабрабыце людзей", - дадаў Барыс Ефрэмаў.

БЕЛТА.