Больш за 200 будаўнічых аб'ектаў Віцебскай вобласці праверылі дзяржінспектары працы за І паўгоддзе
21 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 200 аб'ектаў Віцебскай вобласці праверылі за студзень-чэрвень бягучага года дзяржінспектары працы ў рамках правядзення Года бяспечнай працы ў будаўніцтве, абвешчанага ў 2011 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.
Маніторынг арганізацыі работы, выканання тэхнікі бяспекі ахапіў як будаўнічыя аб'екты, што ўзводзяцца ў рэгіёнах вобласці, так і ў абласным цэнтры. Так, у Віцебску мабільная група праверыла ўмовы працы на 12 аб'ектах будаўнічага трэста №9, 8 аб'ектах ААТ "Жылбуд" і 2 - Віцебскага сельбудкамбіната. Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі, выяўленымі ўдзельнікамі мабільных груп, сталі адсутнасць агароджаў на будаўнічых пляцоўках, праектнай дакументацыі, неправядзенне інструктажоў па тэхніцы бяспекі, допуск да работ павышанай небяспекі без афармлення адпаведнага дакумента. Таксама часта будаўнікі працавалі без сродкаў індывідуальнай абароны - касок, рамянёў бяспекі, спецыяльных касцюмаў і ахоўных масак пры правядзенні зварачных работ.
Па ўсіх выяўленых парушэннях накіраваны інфармацыйныя лісты ў зацікаўленыя ведамствы, дадзеныя пытанні разгледжаны ў ходзе пасяджэнняў гар- і райвыканкамаў і камісій па ахове працы.
Акрамя таго, у першым квартале па ініцыятыве абласной пракуратуры і Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы на будаўнічых пляцоўках Аршанскага, Лепельскага раёнаў і абласнога цэнтра праведзены рэйды па выяўленні работнікаў арганізацый, якія знаходзяцца на працоўных месцах у стане алкагольнага ап'янення. У выніку праверкі звольнены тры работнікі Аршанскага будаўнічага трэста №18.
Значная ўвага ў мінулым перыядзе надавалася забеспячэнню кантролю за стварэннем працадаўцамі здаровых і бяспечных умоў працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу рэгіёна. З гэтай мэтай за студзень-чэрвень мабільнымі групамі рэгіёна абследавана 490 сельгасарганізацый, праверана больш за 480 малочна-таварных ферм, рамонтных майстэрняў, мехдвароў і іншых аб'ектаў, дадаў Сяргей Ануфрыеў.-0-