Больш за 200 святароў і паломнікаў з розных краін прыехалі на асвячэнне новага касцёла ў Віцебск

10 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш як 200 святароў і паломнікаў з розных дзяржаў прыехалі сёння на асвячэнне рымска-каталіцкага касцёла Ісуса Міласэрнага ў Віцебск, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Нявінскі. Па словах суразмоўніка, гэта першы за апошнія больш чым 100 гадоў касцёл, пабудаваны і асвечаны ў Віцебску. Пры праектаванні архітэктары ўлічылі, што храм узводзіцца ў новым жылым мікрараёне, і ўзялі за аснову сучасныя тэндэнцыі ў культавым будаўніцтве. Касцёл пабудаваны ў форме крыжа. Яго вышыня 32 м, шырыня 18 м, даўжыня - 28 м. Цырымонія асвячэння новабудоўлі завершыць святкаванне 10-годдзя Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкага касцёла. Касцёл Ісуса Міласэрнага стане 77-м дзеючым касцёлам у Віцебскай вобласці, яшчэ 7 рымска-каталіцкіх храмаў знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. Віцебская і Полацка-Глыбоцкая епархіі Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату, якія дзейнічаюць на тэрыторыі вобласці, маюць у сваім распараджэнні 184 культавыя збудаванні і будуюць яшчэ 13. Баптысты валодаюць 25 цэрквамі, Хрысціяне веры Евангельскай - 33, адвентысты Седьмого дня - 7. На Віцебскай зямлі мірна суіснуюць 515 рэлігійных суполак 17 канфесій. Каля паловы насельніцтва Віцебскай вобласці лічаць сябе вернікамі, з іх 84% адносяць сябе да праваслаўных, 14% - да каталікоў.-0-