Больш за 200 навучэнцаў Віцебскай вобласці збярэ 7 красавіка рэспубліканскі тур конкурсу "АРТ-вакацыі"
6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 200 навучэнцаў Віцебскай вобласці збярэ 7 красавіка рэспубліканскі тур конкурсу "АРТ-вакацыі". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня журы абласнога тура Ала Гайлова.
Гала-канцэрт пройдзе ў Віцебскай абласной філармоніі пад дэвізам ”Шануем гісторыю і традыцыі краіны - упэўнена крочым у будучыню“. Удзельнікамі мерапрыемства стануць творчыя маладыя людзі, якія прадстаўляюць 23 прафесійна-тэхнічныя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы вобласці і ўжо з'яўляюцца пераможцамі абласнога тура конкурсу. Права выступіць на сцэне абласной філармоніі яны заваявалі ў ходзе рэгіянальных адборачных тураў, у якіх прыняло ўдзел звыш 1,3 тыс. чалавек.
Ацэньваць выкананне ўдзельнікамі інструментальнай музыкі, вакальных, харэаграфічных і тэатральных нумароў будуць члены рэспубліканскага журы конкурсу. Пасля аналагічных праглядаў у іншых абласцях Беларусі і сталіцы журы вызначыць лепшых выканаўцаў і творчыя калектывы краіны. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16-17 мая на гала-канцэрце ў Мінску.-0-