Больш за 2,3 тыс. ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана ў Віцебскай вобласці
23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці зарэгістравана 2349 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў Уладзімір Мядзец.
З агульнай колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных груп 41 - членаў партый. Найбольшую актыўнасць праявілі Камуністычная партыя Беларусі, БНФ, БСДП (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя, свае ініцыятыўныя групы таксама зарэгістравалі члены Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. У рэгістрацыі ініцыятыўных груп было адмоўлена 6 заяўнікам.
Збіраць подпісы ў падтрымку свайго кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета ў 60 акругах будуць 88 ініцыятыўных груп, у тым ліку 6 груп - членаў партый.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць па 15 сакавіка ўключна. Вылучаць кандыдата ў дэпутаты могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў. Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць з 16 па 25 сакавіка.
У Віцебскай вобласці працуюць 60 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў аблсавета, 240 тэрытарыяльных камісій па выбарах дэпутатаў раённых, гарадскіх, сельскіх і пасялковых Саветаў. Дэпутацкі корпус 26-га склікання будзе сфарміраваны ў складзе 3530 чалавек, з іх 60 - дэпутаты аблсавета.
Першыя выбары ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў працаўнікоў былі праведзены ў вобласці 13 снежня 1939 года, у выніку якіх былі абраны 83 дэпутаты. -0-