Больш за 2,5 тыс. новых звестак атрымала міліцыя Віцебскай вобласці ў 2010 годзе ў акцыі "Крок насустрач"

27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 2,5 тыс. новых звестак атрымалі супрацоўнікі міліцыі Віцебскай вобласці ў 2010 годзе падчас рэгіянальнай акцыі "Крок насустрач". Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка. Пры правядзенні акцыі міліцыянеры наведвалі дамы і кватэры грамадзян, знаёміліся з насельніцтвам і яго меркаваннем па пытанні аховы грамадскага парадку, цікавіліся мясцовымі дэбашырамі і парушальнікамі спакою. "Наладжванне такіх кантактаў адыграла значную ролю ў прафілактыцы злачынстваў, спрыяла росту даверу грамадзян, а таксама дапамагло раскрыць больш за 50 злачынстваў", - канстатаваў начальнік УУС, дадаўшы, што падчас такіх наведванняў таксама ўдалося выявіць людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, "ціхіх" алкаголікаў, раней невядомыя нядобранадзейныя сем'і. Аляксандр Найденка перакананы, што значнасць гэтай акцыі відавочная, таму яна будзе працягнута на пастаяннай аснове.-0-