Больш за 250 аб'ектаў набудуць новы выгляд у Полацку да Дня беларускага пісьменства

Более 250 объектов обретут новый вид в Полоцке ко Дню белорусской письменности
Маштабнае добраўпарадкаванне Полацка ў рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства у самым разгары. Усяго абнаўляецца 255 аб'ектаў.

Горад сёння нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку. І ў цэнтры, і ў мікрараёнах нешта ўдасканальваюць, капаюць, чыняць, фарбуюць. Ужо заасфальтаваныя 12 дваровых тэрыторый і каля 28 тыс. кв. м праезнай часткі вуліц, адрамантаваныя фасады 15 жылых дамоў, працягваюцца рамонты будынкаў, помнікаў, лавак, прыпыначных павільёнаў і кантэйнерных пляцовак, замена і ўстаноўка урн, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку, рэканструкцыя транзітных участкаў дарог.

– На сённяшні дзень, – кажа намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Міхалевіч, – мы ідзем у адпаведнасці з графікам. У цэлым з 68 аб'ектаў камунальнай формы ўласнасці на 33-х работы завершаны, на 16 – вядуцца, да астатніх прыступім у бліжэйшы час. Тут ніякіх сур'ёзных праблем няма: робіцца ўсё неабходнае, матэрыяльныя рэсурсы набываюцца, зыходзячы з фінансавання. Завяршыць выкананне мерапрыемстваў плануем ва ўстаноўленыя тэрміны, да 15-20 жніўня.

Праблемныя пытанні, як адзначыў Аляксандр Міхалевіч, узнікаюць па шэрагу аб'ектаў незавершанага будаўніцтва, якія патрабуюць значных матэрыяльных і часавых затрат. Сярод іх – будынкі па вуліцах Кастрычніцкай і Ніжнепакроўскай, якія належаць прыватным кампаніям. Уласнікі не прымаюць належных мер, каб увесці іх у эксплуатацыю.

Патрабуе добраўпарадкавання значна большая колькасць дваровых тэрыторый, чым тыя два дзясяткі, якія ўключаны ў план падрыхтоўкі да свята. Адпаведныя звароты паступаюць і ад жыхароў горада. Таму мясцовыя ўлады накіравалі ў аблвыканкам ліст з просьбай павялічыць фінансаванне па гэтым артыкуле.

Акрамя таго, як паведаміў намеснік дырэктара КУП ЖКГ Канстанцін Лагун, узніклыя абставіны не дазволілі пачаць работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні плошчы Францыска Скарыны. Праектна-каштарысная дакументацыя доўгі час праходзіла ўзгадненне і экспертызу, пасля чаго высветлілася, што на тэрыторыі плошчы патрабуюць замены падземныя інжынерныя сеткі. У сувязі з гэтым кошт работ узрастае практычна ў 2,5 раза, а тэрміны падаўжаюцца да пяці месяцаў. Таму замест чэрвеня пачаць рэканструкцыю вырашылі ў верасні, пасля свята, і завяршыць у планавым парадку.

Адзін з самых буйных аб'ектаў добраўпарадкавання – «Рэканструкцыя вуліцы Зыгіна — Кастрычніцкая на ўчастку ад чыгуначнага пераезду да рэстарана «Адпачынак», 1 чарга». Работы тут былі пачаты яшчэ ў 2009 годзе, але прыпынены ў сувязі з адсутнасцю фінансавання. На гэты год прадугледжана выдзяленне 1 498 300 рублёў за кошт перадачы субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду. Праектна-каштарысная дакументацыя выканана наваполацкім філіялам інстытута «Віцебскграмадзянпраект». Генпадраднай арганізацыяй выступае філіял ДСУ-2 ААТ «ДСТ-1, г. Віцебск».

На дадзены момант, як распавёў прадстаўнік заказчыка, начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва полацкага КУП ЖКГ Дзмітрый Піпкін, ступень будаўнічай гатоўнасці аб'екта складае амаль 75%. Праект прадугледжвае пашырэнне праезнай часткі дарогі да нарматываў, якія дазваляюць арганізаваць чатырохпалосны рух, а таксама стварэнне пешаходных сувязяў, веладарожак і кальцавой развязкі. Рэканструкцыя дазволіць павысіць надзейнасць існуючай транспартнай сеткі і зняць набалелае пытанне па разгрузцы транспартных патокаў у паўночным напрамку, палепшыць знешні выгляд уезду ў горад з боку Расійскай Федэрацыі, стварыць аптымальную сістэму арганізацыі руху транспарту і пешаходаў.

Значныя аб'ёмы работ выконваюцца па рэканструкцыі Сафійскага сабора, рамонце Музея беларускага кнігадрукавання, гарадскога Палаца культуры, кінатэатра «Радзіма». Абнаўляюцца аб'екты адукацыі, аховы здароўя, гандлю і грамадскага харчавання. Прадпрыемствы і арганізацыі актыўна наводзяць парадак на замацаваных тэрыторыях, а ўласнікі прыватных домаўладанняў – на сваіх участках. Да свята старажытны горад ператворыцца і годна сустрэне гасцей.

Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. "Віцебскія весці".