Больш за 250 творчых вучняў Віцебскай вобласці сабраў гала-канцэрт агляду-конкурсу «АРТ-вакацыі – 2021»
Фестываль – чаканае, яркае і значнае падзея ў жыцці моладзі. На працягу многіх гадоў ён аб’ядноўвае творчы патэнцыял навучэнцаў профтэхадукацыі Віцебскай вобласці і нясе яго ў масы. Больш за 2 тыс. юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у занальных турах фестывалю. Маладыя людзі прадстаўлялі сваю творчасць у розных намінацыях: харавое мастацтва, харэаграфічная і тэатральная творчасць, інструментальная музыка, вакал.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, у традыцыйным конкурсе сёлета прынялі ўдзел больш за 30 навучальных устаноў. Адборачныя этапы праходзілі з кастрычніка. У выніку былі вызначаны 6 самых яркіх праграм, а дыпломы прызёраў атрымалі 44 удзельнікі і калектывы.
– Цэлы звод розных намінацый дазволіў прадэманстраваць дзецям свае творчыя здольнасці: ад чытання вершаў да сучасных танцаў, – канстатаваў Дзмітрый Леанідавіч. – Відэазапіс выступленняў адправіцца ў аргкамітэт рэспубліканскага фестывалю. Менавіта ў сталіцы журы вызначыць, хто ж з нашых землякоў будзе прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліканскім этапе. Дарэчы, сёлета творчы марафон фінішуе ў маі ў Гродне.
«Выбар моладзі – творчасць. Традыцыі. Праца» – дэвіз фестывалю сёлета. Пошук новых творчых рашэнняў, захаванне традыцый, працавітасць – асноватворныя ідэі тых творчых праектаў, якія былі прадстаўлены на суд журы. Душэўнае выкананне беларускіх народных песень, выразнае чытанне лірычных твораў, эфектнае дэфіле ў прыгожых касцюмах і галаўных уборах, запальныя танцавальныя нумары на сцэне прымушалі задумацца і ў той жа час стваралі цудоўную атмасферу ў зале.