Больш за 260 нацыянальных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах атрымалі акрэдытацыі выбаркамаў

На выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Цэнтральная, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі акрэдытавалі, паводле даных на 9 верасня, 261 нацыянальнага назіральніка. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК.

Назіральнікаў на выбары да гэтага часу накіравалі пяць палітычных партый. Усяго ад іх акрэдытавана 19 чалавек. Грамадскія аб'яднанні ў гэтым плане больш актыўныя, ад іх акрэдытавалася ўжо 215 чалавек. У лідарах - рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", Беларускі саюз жанчын і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ад грамадзян шляхам падачы заяў накіравана 27 назіральнікаў.

Акрэдытаваныя пры акруговых выбаркамах маюць права прысутнічаць у гэтых камісіях пры прыёме пратаколаў аб выніках галасавання на выбарчых участках. Назіральнік, накіраваны на пасяджэнні ўчастковай выбарчай камісіі, мае права сярод іншага весці назіранне на адпаведным участку для галасавання. У час датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў назіральнікі маюць права атрымліваць інфармацыю аб колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы, і аб колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні.

Што тычыцца міжнародных назіральнікаў, то пакуль іх акрэдытавана 24, усе ад СНД. Замежныя эксперты маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій, сустракацца з кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.

БЕЛТА.