Больш за 280 барацьбітоў спаборнічалі ў турніры памяці Іспенкова ў Віцебску

Больш за 280 спартсменаў з Беларусі, Расіі і Малдовы ўдзельнічалі ў XXVI Міжнародным турніры па вольнай барацьбе памяці капітана ІІІ рангу Анатоля Іспенкова, члена экіпажа атамнай падводнай лодкі «Камсамолец».

На дываны спорткомплекса ААТ «Віцязь» выходзілі хлопчыкі і дзяўчаты ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. Віцебшчыну прадстаўлялі барцы абласнога цэнтра, Обалі Шумілінскага раёна, Глыбокага і Сенна. У камандным заліку не было роўных віцяблянам, яны занялі васемнаццаць прызавых месцаў. Пераможцамі сталі Аляксей Татушкін (вагавая катэгорыя 30 кг), Дзмітрый Чаркін (51 кг), Уладзіслаў Баранаў (52 кг), Мікалай Варывода (да 71 кг), Іван Чарнышоў (да 110 кг). Парадзілі землячкі гераічна загінулага падводніка Вікторыя Касьянава і Дар'я Любіч з Обалі, удастоеныя ў сваіх вагавых катэгорыях трэціх месцаў.

З поспехам юных спартсменаў павіншавалі родныя Анатоля Іспенкова – сястра Зінаіда і брат Генадзь. Анатоль Іспенкоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Хвастова Шумілінскага раёна, вучыўся ў Язвінскай сярэдняй школе, пасля 5-га класа пераехаў у Віцебск, дзе скончыў СШ №8, якая цяпер носіць яго імя. 7 красавіка 1989 года ў выніку пажару затанула атамная падводная лодка «Камсамолец». Камандзір электратэхнічнага дывізіёна БЧ-5 Анатоль Іспенкоў да канца знаходзіўся на баявым пасту. З 69 членаў экіпажа загінулі 42 чалавекі.

Турнір па вольнай барацьбе памяці Анатоля Іспенкова праводзіцца з 1993 года па ініцыятыве сябра дзяцінства героя Анатоля Каваленкі, старшага трэнера СДЮШАР «Багатыр» абласнога спортклуба прафсаюзаў.

СЯРГЕЙ ЛЯШУК, фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА, "Віцебскія весці".