Больш за 3 тыс. маладых людзей Віцебшчыны падалі заяўкі на ўдзел у «Працоўным семестры-2018»
У Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. Шмырова адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра, прысвечанага 55-годдзю беларускага студатрадаўскага руху.
Рабяты сталі ўдзельнікамі квэст-гульні «Адрасы памяці» па падзеях Вялікай Айчыннай вайны, высадзілі яблыні на тэрыторыі музейнага комплексу. Таксама адбылося прысвячэнне ў байцы замежнага педагагічнага атрада «НЛА ім. М. Шмырова» і ўжо традыцыйная акцыя «Выбіраем студатрад!».
Павіншаваць рабят з гэтай важнай падзеяй прыйшоў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў. Генадзь Міхайлавіч пажадаў моладзі новых працоўных здзяйсненняў і яркіх уражанняў.
Як адзначыў першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Віктар Глушын, рабяты, якія працуюць у складзе студэнцкіх атрадаў, праяўляюць сябе з найлепшага боку, працуючы як на аб'ектах вобласці, так і за яе межамі, напрыклад, на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі – Беларускай АЭС – і ў Расійскай Федэрацыі. Яны адрозніваюцца працавітасцю, адказнасцю, ініцыятыўнасцю, ім па плячы любая распачатая справа.
Нягледзячы на тое, што трэці працоўны семестр толькі пачаўся, у рамках акцыі «Выбіраем студатрад!» у тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў актыўна паступаюць заяўкі ад жадаючых працаўладкавацца. У Віцебскай вобласці на сённяшні дзень такіх больш за 3 тыс.
Па словах Віктара Валер'евіча, хлопцы, якія летам будуць працаваць у Краснадарскім краі, сумясцяць прыемнае з карысным. Нягледзячы на тое, што яны не заробяць вялікіх грошай, у іх будзе выдатная магчымасць адпачыць на беразе мора. Найбольш высокія заробкі будуць у будаўнічых атрадаў, дзе хлопцы змогуць зарабіць тысячу і больш рублёў. Таксама сёлета плануецца пачаць працу ветэрынарных атрадаў. Ветэрынарная акадэмія праяўляе ініцыятыву ў іх стварэнні, але пакуль гэты праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.
Студэнцкі атрадны рух – адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Саюз моладзі дае магчымасць юнакам і дзяўчатам папрацаваць у складзе будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных і медыцынскіх атрадаў. Напрыклад, толькі сёлета ў Расійскай Федэрацыі будзе працаваць больш за 120 чалавек. Ужо заўтра першыя студатрадаўцы адправяцца для працы ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» ў складзе атрада «НЛА ім. М. Шмырова».
Адна з прадстаўніц Віцебшчыны, якая адправіцца заўтра ў «Арляня» – Святлана Лёўкіна, студэнтка першага курса факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ ім. П. Машэрава.
– Гэта мой першы досвед працы ў якасці правадніка, – прызналася дзяўчына. – Безумоўна, паездка прынясе мне шмат уражанняў і дасць практычныя навыкі, бо мая прафесія наўпрост звязана з працай з дзецьмі. Гэта выдатная магчымасць зразумець, ці правільна я зрабіла свой прафесійны выбар.