Больш за 3 тыс. працоўных месцаў зарэзервавана ў Віцебскай вобласці для слабаабароненых катэгорый грамадзян у 2011 годзе

3 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 3 тыс. рабочых месцаў зарэзервавана ў 2011 годзе ў Віцебскай вобласці для грамадзян са зніжанай канкурэнтаздольнасцю на рынку працы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама. Да ліку людзей са зніжанай канкурэнтаздольнасцю на рынку працы адносяцца інваліды, бацькі ў шматдзетных і няпоўных сем'ях, вызваленыя з месцаў зняволення, маладыя людзі ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць працу. Асаблівую ўвагу ў гэтым годзе служба занятасці ўдзеліць інвалідам. Для іх будзе зарэзервавана не менш за 300 рабочых месцаў. Прадугледжана, што наймальнікам, якія ствараюць рабочыя месцы для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, будуць кампенсаваны затраты. Мяркуецца адкрыць 44 рабочыя месцы для інвалідаў, на фінансаванне расходаў па іх стварэнні будзе накіравана Br1,2 млрд. Акрамя таго, плануецца працаўладкаваць 50 інвалідаў у адпаведнасці з палажэннем аб адаптацыі іх да працоўнай дзейнасці. Гэта азначае, што ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі на працягу года наймальнікам будуць кампенсаваны затраты па аплаце працы інвалідаў, прынятых на працу, з улікам усіх падаткаў. На гэтыя мэты будзе накіравана Br260 млн. У 2010 годзе ў вобласці было працаўладкавана звыш 2,5 тыс. грамадзян са зніжанай канкурэнтаздольнасцю на рынку працы. -0-