Больш за 30 каманд збяруцца ў фінале абласных спаборніцтваў па робататэхніцы ў Віцебску
У турніры па робататэхніцы збяруцца 34 каманды з усёй вобласці. Гэта тэхнічна адораныя навучэнцы школ і ўстаноў дадатковай адукацыі з Віцебска, Оршы, Наваполацка і 8 раёнаў: Полацкага, Дубровенскага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Мёрскага, Шумілінскага, Чашніцкага і Шаркаўшчынскага.
"Рабяты будуць спаборнічаць у чатырох намінацыях: "Роба сумо", "Езда па лініі", "Гонкі" і "Каляровы кегельрынг". Мадэлі робатаў, якія выходзяць на старт, павінны будуць прадэманстраваць больш дакладнае выкананне закладзеных з камп'ютара і пазначаных умовамі конкурсу каманд. У першынстве прымаюць удзел рабяты ад 7 да 15 гадоў", - распавяла Таццяна Нарубіна.
Самыя малодшыя робатаканструктары выставяць сваіх запраграмаваных падапечных на гонкі. Іх мадэлі будуць сабраны загадзя, і ўсё, што ім трэба будзе паказаць, - найлепшая хуткасць. Рабяты старэйшыя прадставяць больш складаных робатаў, якія ўстрояць сапраўдны батл на рынгу, спрабуючы выштурхнуць суперніка за межы круга. Робатам таксама давядзецца паказаць, як яны ўмеюць цвяроза ацэньваць сітуацыю і рухацца прама па зададзенай лініі. І яшчэ маленькія працаўнікі павінны будуць даказаць, што чуткае тэхнабачанне іх не падводзіць, і збіваць кеглі толькі пэўнага колеру.
Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі турніру прывязуць на спаборніцтвы ўжо гатовых робатаў, канчатковая наладка і настройка сенсараў будзе праводзіцца перад самым стартам, каб улічыць складанасць і асвятленне трасы. Для рабят гэта стане яшчэ адным выпрабаваннем, бо ад умення сабрацца, супакоіць хваляванне і задаць дакладную праграму залежыць і дакладнасць выканання ўсіх неабходных трукаў іх мадэлямі.
Судзейства першынства будуць ажыццяўляць педагогі ВАДДіМ, а таксама трэнеры з раёнаў. У кожнай катэгорыі ацэньваць рабят будуць 4-5 членаў журы.
Папярэдняе абласное першынство праходзіла ў Віцебску ў 2019 годзе, тады ў ім удзельнічала каля 100 чалавек. Сёлета арганізатары змянілі план правядзення турніру: ён складаўся з двух этапаў. У першым туры прайшлі рэгіянальныя адборы, у якіх спаборнічалі каля 80 школьнікаў. З іх 57 прайшлі ў фінал, дзе яны ў камандах пазмагаюцца за званне самага тэхнічна адукаванага.