Больш за 30 кантрольна-прапускных пунктаў будуць дзейнічаць на "Славянскім базары ў Віцебску"

6 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пропуск у зону святочных мерапрыемстваў "Славянскага базару ў Віцебску" будзе ажыццяўляцца праз 31 кантрольна-прапускны пункт з металадэтэктарамі. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення аховы правапарадку УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Скарынавіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Рэжымна-абмежавальная тэрыторыя па традыцыі ахопіць вуліцы Леніна, Замкавую, праспект Фрунзе. У час дзеяння КПП рух грамадскага і асабістага транспарту спыняцца не будзе, аднак у мэтах бяспекі тут будуць забаронены прыпынкі. Акрамя таго, у час правядзення масавых гулянняў у радыусе 500 м ад гэтай зоны ўстанаўліваецца забарона на рэалізацыю алкагольных напояў і піва ў гандлёвых аб'ектах. Яе дзеянне не закране толькі кафэ і рэстараны, якія знаходзяцца на "тэрыторыі цвярозасці". Дадатковымі мерамі бяспекі стануць відэаназіранне, якім ужо ахоплены ўвесь цэнтр святочнага горада, і службовыя вышуковыя сабакі. Яны ўвойдуць у склад пешых патрулёў. Ігар Скарынавіч нагадаў, што на фестывальныя мерапрыемствы забаронена праносіць рэжучыя прадметы, газавыя балончыкі, алкаголь, прахалодныя напоі ў тары больш за 0,5 л. Сачыць за правапарадкам у фестывальным горадзе віцебскім супрацоўнікам УУС дапамогуць падраздзяленні ўнутраных войскаў, міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама, экіпажы мінскай "Стрэлы" і знешнія службы з іншых абласцей.-0-