Больш за 30 арганізацый АПК Віцебскай вобласці аштрафаваныя за парушэнні тэхнікі бяспекі ва ўборачную кампанію

1 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. За першую дэкаду месячніка бяспекі ў сельскай гаспадарцы на 31 арганізацыю аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці з 45 правераных накладзены штрафныя санкцыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Сяргей Ануфрыеў.

З 18 ліпеня ў вобласці праходзіць праверка выканання патрабаванняў аховы працы і тэхнікі бяспекі ў сельгасарганізацыях пры масавых уборачных работах. З пачатку кампаніі і па 29 ліпеня праверана 45 суб'ектаў гаспадарання, выдадзена 43 акты. За парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 31 гаспадарка, сума штрафных санкцый склала Br21,7 млн., 15 службовых асоб прыцягнуты да адказнасці. У ходзе праверак 85 чалавек адхілены ад працы, забаронена эксплуатацыя 49 машын і механізмаў.

Па словах Сяргея Ануфрыева, найбольш характэрнымі парушэннямі для аграрыяў Віцебшчыны з'яўляюцца допускі кіроўцаў, трактарыстаў, камбайнёраў да работ без праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, адсутнасць пазапланавага інструктажу па ахове працы перад пачаткам работ. Сельскагаспадарчая тэхніка не мае належных агароджаў карданных, ланцуговых і раменных перадач, адсутнічае ахоўнае агароджанне завальных і аглядных ям, бункераў-назапашвальнікаў. Інспектары таксама адзначылі, што службовыя асобы ў некаторых гаспадарках не забяспечваюць кантроль за выкананнем работнікамі патрабаванняў Правілаў унутранага працоўнага распарадку, інструкцый па ахове працы і іншых нарматыўных прававых актаў, не паўсюды праводзіцца перадрэйсавае і паслярэйсавае медыцынскае асведчанне кіроўцаў і механізатараў.

     Месячнік па бяспецы ў сельскай гаспадарцы працягнецца.-0-