Больш за 30 пастаянна дзеючых школьных кірмашоў разгорнуцца ў Віцебскай вобласці

18 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гандлёвыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці адкрылі сезон падрыхтоўкі школьнікаў да новага навучальнага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.

З 15 ліпеня па 1 кастрычніка ў вобласці будуць праводзіцца пашыраныя продажы канцылярскіх тавараў, адзення, абутку для школьнікаў. У гарадах і раённых цэнтрах рэгіёна прадпрыемствы арганізуюць больш за 30 пастаянна дзеючых школьных базараў, дзе будзе ажыццяўляцца дробнарознічны і выязны гандаль. Пашыраныя кірмашы-продажы школьных тавараў з удзелам творчых калектываў пройдуць у вобласці 20 і 27 жніўня. У гэтыя дні бацькі і дзеці змогуць сумясціць неабходны шопінг з прыемнай культурнай праграмай, паўдзельнічаць у конкурсах.

Экіпіроўка малодшага школьніка ў гэтым сезоне абыдзецца жыхарам Віцебска ў суму ад Br430 тыс. да Br1,1 млн., старэйшакласнікаў - Br520 тыс. - 1,2 млн. Пры гэтым распараджэннем Віцебскага аблвыканкама да 15 верасня ўстаноўлена абмежаванне гандлёвых надбавак на школьныя тавары да 25%.

Цяпер многія крамы вобласці ўжо разгарнулі свае тавары для экіпіроўкі навучэнцаў. Напрыклад, толькі Віцебскі ўнівермаг прапануе сваім пакупнікам больш за 50 мадэляў касцюмаў на хлопчыкаў і дзяўчынак, адзначылі ва ўпраўленні гандлю.-0-