Больш за 30 правяраючых пакараны за парушэнне плана кантрольнай дзейнасці ў Віцебскай вобласці
11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці ўстанавіў факты парушэння кантралюючымі і нагляднымі органамі каардынацыйнага плана кантрольнай (нагляднай) дзейнасці Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК вобласці.
КДК працягвае мэтанакіраваную работу па каардынацыі дзейнасці кантралюючых і наглядных органаў, якія прымаюць удзел у планавых праверках суб'ектаў гаспадарання вобласці, уключаных у каардынацыйны план кантрольнай (нагляднай) дзейнасці Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з патрабаваннямі ўказа № 510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь".
Пры аналізе прадстаўленых кантролерамі справаздач аб выкананні ў першым паўгоддзі каардынацыйнага плана ўстаноўлены факты парушэнняў асобнымі кантралюючымі органамі патрабаванняў заканадаўства аб абавязковасці пачатку праверак суб'ектаў гаспадарання на працягу каляндарнага месяца, указанага ў каардынацыйным плане. У асобных выпадках да правядзення запланаванай праверкі кантролеры наогул не прыступалі. Пры гэтым паведамленні аб унясенні змен у каардынацыйны план у КДК вобласці не накіроўваліся.
КДК прааналізаваў кнігі ўліку праверак суб'ектаў гаспадарання і таксама выявіў парушэнні, дапушчаныя кантралюючымі органамі пры іх запаўненні. Асноўным парушэннем з'яўлялася няпоўнае ўнясенне ў кнігу ўсіх прадугледжаных запісаў (від праверкі, нумар прадпісання і дата яго выдачы, падставы для прызначэння праверкі, дата складання дакумента па выніках праверкі і яго найменне, даты заканчэння праверкі, а таксама подпісы правяраючых аб пачатку і заканчэнні праверкі).
Па патрабаванні КДК да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 31 службовая асоба кантралюючых і наглядных органаў вобласці, якія дапусцілі парушэнні пры выкананні каардынацыйнага плана або пры запаўненні кніг уліку праверак. КДК вобласці папярэдзіў кіраўнікоў кантралюючых і наглядных органаў аб іх персанальнай адказнасці за выкананне ўстаноўленага парадку арганізацыі і правядзення праверак суб'ектаў гаспадарання і няўхільнае выкананне патрабаванняў указа № 510.-0-