Больш за 30 працадаўцаў Віцебска прэтэндуюць на званне лепшага ў гарадскім конкурсе

Больш за 30 наймадаўцаў Віцебска прэтэндуюць на званне лепшага ў гарадскім конкурсе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні эканомікі Віцебскага гарвыканкама.

Улады адзначаюць зацікаўленасць суб'ектаў гаспадарання горада ў правядзенні першай штогадовай гарадской прэміі "Лепшы наймадавец Віцебска 2012", у сувязі з гэтым працягнулі тэрмін прыёму заявак да 5 снежня.

Да ўдзелу ў конкурсе запрошаны арганізацыі любой формы ўласнасці, якія працуюць у Віцебску не менш за тры гады. У залежнасці ад колькасці працоўнага калектыву вызначаны чатыры намінацыі: ад мікраарганізацый, якія маюць у штаце не больш за 15 работнікаў, да буйных прадпрыемстваў з колькасцю працаўнікоў больш за 250 чалавек. Разам з тым, удзельнікамі конкурсу могуць быць толькі тыя арганізацыі, у якіх на працягу студзеня-верасня не было выпадкаў вытворчага траўматызму, а таксама адсутнічае запазычанасць па выплаце заработнай платы, плацяжах у бюджэт і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Крытэрыямі ацэнкі стануць узровень заработнай платы, паказчыкі плыннасці кадраў, затраты на прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, наяўнасць і разнастайнасць сацыяльнага пакета. Дадатковыя балы наймадавец можа зарабіць за актыўную рэкламную кампанію і нават за арганізацыю вольнага часу работнікаў.

Ацэньваць дзейнасць наймадаўцаў будзе экспертнае журы, у якое ўвойдуць прадстаўнікі гарадскіх улад, прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў. Пераможцамі прызнаюцца ўдзельнікі, якія занялі 1-е месца ў кожнай намінацыі ў залежнасці ад атрыманых балаў. Лаўрэатамі стануць удзельнікі, якія занялі другое і трэцяе месцы ў сваіх намінацыях. Пераможцам і лаўрэатам будуць уручаны памятныя знакі і дыпломы. Яны таксама атрымаюць права размяшчаць знак адрознення "Лепшы наймадавец Віцебска 2012" на сваіх карпаратыўных сайтах, рэкламных і інфармацыйных матэрыялах.

Заснавальнікамі конкурсу сталі Віцебскі гарвыканкам, грамадскае аб'яднанне "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" Віцебскай вобласці і адзін з гарадскіх інтэрнэт-рэсурсаў аб рабоце. Паводле даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама, у абласным цэнтры на аднаго беспрацоўнага прыпадае каля дзвюх вакансій, прыкладна 80% з якіх - рабочыя спецыяльнасці. Гарадскія прадпрыемствы адчуваюць востры дэфіцыт швачак, рабочых усіх будаўнічых спецыяльнасцей, кухараў, прадаўцоў.

Дыяна Курыла - БЕЛТА