Больш за 30 тыс. упаковак супрацьвірусных прэпаратаў дадаткова паступяць у дзяржаптэкі Віцебскай вобласці
11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 30 тыс. упаковак супрацьвірусных, гарачкапаніжальных і супрацьзапаленчых прэпаратаў дадаткова паступяць у аптэчную сетку ўнітарнага прадпрыемства "Фармацыя" у Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Ірына Дружыніна.
Паводле яе слоў, фармацэўтычныя прадпрыемствы рэспублікі ўжо прыступілі да адгрузкі дадатковых партый лекаў, і на працягу 12-13 лістапада аксалінавая мазь, "Арпетол", "Рэмантадзін" з'явяцца на прылаўках аптэк вобласці. Усе аптэкі прадпрыемства "Фармацыя" па-ранейшаму працуюць па падоўжаным графіку да 23.00. Пры часовай адсутнасці тых ці іншых найменняў безрэцэптурных сродкаў правізары прапануюць пакупнікам іх фармакатэрапеўтычную замену.
Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксей Адееў, з 1 па 10 лістапада ў вобласці вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам захварэлі 42 813 чалавек, 46% хворых - дзеці. За першую дэкаду лістапада шпіталізавана больш за 1 100 чалавек, 55% з якіх - дзеці. Эпідэмічны парог у кантрольных гарадах Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку перавышаны. Так, у Віцебску 10 лістапада ён быў перавышаны больш чым у 12 разоў. Вучэбны працэс прыпынены ў 295 школах вобласці.-0-