Больш за 300 школьных кірмашоў пройдзе ў Віцебскай вобласці напярэдадні новага навучальнага года
10 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 300 школьных кірмашоў будзе арганізавана ў Віцебскай вобласці да новага навучальнага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
Зрабіць пакупкі для экіпіроўкі школьнікаў можна ўжо зараз - неабходныя тавары ёсць у гандлёвай сетцы рэгіёна. "Напрыклад, у Віцебскім універмагу касцюмы для хлопчыкаў прадстаўлены больш чым 35 мадэлямі, для дзяўчынак - больш чым 40 мадэлямі", - адзначылі спецыялісты. Пры гэтым для поўнага задавальнення патрэб насельніцтва закупка рэсурсаў па адзенні павялічана сёлета на 18%, па абутку - на 19%. На 1 ліпеня ад узгодненага аб'ёму паступіла 48% швейных вырабаў і каля 35% трыкатажу і абутку.
Пашыраны распродаж школьных тавараў пачнецца ў вобласці з 15 ліпеня. Рэалізацыя прадукцыі будзе весціся на базе 1,3 тыс. гандлёвых аб'ектаў, у якіх дадаткова плануецца стварыць 31 рабочае месца. Таксама ў гандлёвай сетцы рэгіёна адкрыюцца больш за 1 тыс. куткоў для першакласнікаў. Пашыраныя кірмашы-продажы з удзелам прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў вобласці пройдуць 18 і 25 жніўня. Мінімальны спажывецкі кошык для экіпіроўкі дзяцей малодшага школьнага ўзросту складзе Br1-1,1 млн., старэйшага школьнага ўзросту - Br1,2-1,3 млн.