Больш за 300 студэнтаў і выкладчыкаў ВДУ выйдуць на старт прабегу да 65-годдзя Перамогі

5 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 300 выкладчыкаў і студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава выйдуць сёння на старт лёгкаатлетычнага прабегу, прысвечанага 65-годдзю Перамогі і 100-годдзю ВДУ. Упершыню маршрут мерапрыемства пройдзе па праспекце Перамогі абласнога цэнтра, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па выхаваўчай рабоце ВДУ Ірына Бондал. Старту будзе папярэднічаць мітынг ля помніка "Ордэн Перамогі", у якім возьмуць удзел больш за 1 тыс. выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ. Асноўнай мэтай мерапрыемства, якое пройдзе ў абноўленым фармаце, з'яўляецца ўшанаванне памяці аб гераічным подзвігу ў гады вайны, а таксама прапаганда здаровага ладу жыцця і прыцягненне маладога пакалення да актыўных заняткаў фізічнай культурай. Пераможцы і прызёры прабегу будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Узнагароджанне адбудзецца ля помніка "Ордэн Перамогі". Спартыўнае мерапрыемства стане кульмінацыяй ушанавання ветэранаў, малалетніх вязняў, удзельнікаў блакады Ленінграда, якія ў розныя гады звязалі сваю працоўную біяграфію з віцебскай ВНУ. Сёння ва ўніверсітэце пройдзе ўрачысты прыём ветэранаў у рэктара Аляксандра Саладкова, пасля якога адбудзецца ўскладанне кветак да стэлы Воінскай славы ўніверсітэта. Калектывы мастацкай самадзейнасці факультэтаў падрыхтавалі для заслужаных работнікаў ВДУ святочны канцэрт, у якім возьмуць удзел у тым ліку дзеці выкладчыкаў. Напярэдадні дэлегацыя ветэранаў на чале са старшынёй ветэранскай арганізацыі ВНУ Артурам Мацеюнам здзейсніла паездку па памятных і мемарыяльных мясцінах баявой славы Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Да 65-годдзя Перамогі ва ўніверсітэце праведзены тэматычныя выставы работ студэнтаў, прысвечаныя падзеям ВАВ, віктарыны, конкурсы і ваенна-спартыўныя гульні. Студэнты ўдзельнічалі ў працоўных дэсантах па добраўпарадкаванні помнікаў воінскай славы, абеліскаў і пахаванняў, аказвалі дапамогу ветэранам па месцы жыхарства.-0-