Больш за 300 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку
У гэтым годзе рэспубліканскі суботник супаў з заключным днём добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу». Калектыў Віцебскага аблвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Субоціным падтрымаў запрашэнне лесагаспадарчага аб'яднання і прыняў удзел у «Тыдні лесу – 2023», прымеркаваным да Года міру і стваральнай працы.
Прадстаўнікі аблвыканкама азнаёміліся з работай гандлёвай пляцоўкі лясгасаў Віцебскага ДВА «Лясны домік» па рэалізацыі вырабаў з драўніны, у Бешанковіцкім лясгасе пазнаёміліся з работай тэхнікі і тэхналогіяй ачысткі лесасек ад павалюшных рэшткаў, падрыхтоўкі глебы, стварэння і догляду за ляснымі культурамі, наведалі цэх дрэваапрацоўкі Бешанковіцкага лясгаса.
– Наводзіць парадак у сваім доме – абавязак кожнага чалавека, а Беларусь – гэта наш дом. Сёння члены калектыву працуюць на азеляненні горада, добраўпарадкаванні памятных месцаў, будаўнічых аб'ектах. Я асабіста рады, што сёння ў мяне ёсць магчымасць пабываць у лесе і пасадзіць дрэвы, – адзначыў Аляксандр Субоцін.
– Выручка ад суботніка – а гэта прыкладна 1 млн 300 руб. – пойдзе на будаўніцтва або добраўпарадкаванне знакавага для беларусаў аб'екта. Лясная гаспадарка – адна з самых паспяховых у краіне. На думку расійскіх калег, мы не толькі захавалі савецкі вопыт, але і прымножылі яго. На высокім узроўні наладжаны догляд за ляснымі насаджэннямі, своечасова праводзяцца высечкі, выконваюцца тэрміны.
На падрыхтаваным да лесааднаўлення ўчастку плошчай 3,9 га ў Бешанковіцкім лясніцтве работнікі аблвыканкама высадзілі сосны і бярозы, выгадаваныя ў мясцовым лясным гадавальніку.
Сёлета акцыя «Тыдзень лесу» праходзіць ужо 16-ы раз. Яе галоўныя мэты – захаванне і прымнажэнне лясоў, прыцягненне ўвагі да вырашэння агульнадзяржаўных задач у сферы ўзмацнення экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў, растлумачылі ў аблвыканкаме.
Кожны год да акцыі далучаецца ўсё больш жыхароў вобласці. Летась іх было больш за 9,5 тысячы чалавек, колькасць удзельнікаў сёлетняй акцыі дасягае рэкорднай лічбы – 11,5 тысячы. Па папярэдніх выніках «Тыдня лесу – 2023» валанцёры пры садзейнічанні работнікаў лясгасаў Віцебшчыны пасадзілі ўжо больш за 3,5 мільёна лясных раслін на агульнай плошчы звыш 650 га. Узмоцненымі намаганнямі энтузіястаў прыбрана ўздоўж лясных дарог каля 200 куб. м смецця, добраўпарадкавана больш за 50 воінскіх пахаванняў і 20 месцаў адпачынку, закладзена каля 30 памятных алей у гонар Года міру і стваральнай працы.
Адміністрацыя Першамайскага раёна і аддзел па адукацыі ўжо працуюць у Парку 1000-годдзя Віцебска – укладка пліткі, пасадка дрэў, афарбоўка апор асвятлення, работы па добраўпарадкаванні.
У рамках рэспубліканскага суботніка працоўныя калектывы электрасетак і вайсковай часткі прыбіраюць пойму ракі ля моста па вуліцы Галіцкага ў Гарадку.
Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гарадоцкага райвыканкама Рамана Кольца прадстаўнікі працоўных калектываў раённага газазабеспячэння, цэнтраў утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння і па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, лясгаса, РАНС, інспекцыі прыродных рэсурсаў, устаноў культуры добраўпарадкаваюць дзіцячы парк, ствараюць музей валуноў пад адкрытым небам.
Кіпіць праца па навядзенні парадку каля Канцартнай залы «Віцебск». На добраўпарадкаванні тэрыторыі працуюць прадстаўнікі Віцебскага гарвыканкама, камітэта архітэктуры аблвыканкама і Будаўнічага трэста №9 г.Віцебска.
У рамках рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды разам з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый працавалі на 23 аб'ектах Віцебшчыны.
Было пасаджана каля 1,8 тыс. дрэў і кустоў, праводзілася ўборка тэрыторый прыбярэжных палос водных аб'ектаў, населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў.
Напрыклад, убраны смецце ў прыбярэжнай паласе возера Зяленскае Лёзненскага раёна, пасаджаны дрэвы і хмызнякі на мемарыяльных комплексах «Купаваць» (Сенненскі раён) і «Вішнёўкі» (Чашніцкі раён).
Супрацоўнікі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навучэнцы Капцянскай базавай школы ім. Героя Савецкага Саюза Г. Грыгор'ева, прадстаўнікі прадпрыемства ЖКГ Віцебскага раёна працавалі над добраўпарадкаваннем воінскага мемарыяла ім. Ленінскага камсамола ў аграгарадку Капці. Было пасаджана больш за 60 дрэў.
З самай раніцы работнікі Докшыцкага райвыканкама на чале са старшынёй Алегам Кавалёнкам добраўпарадкавалі тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Хадароўка», дзе ў гады вайны было расстраляна 800 чалавек, сярод якіх былі італьянцы і вязні фашысцкага канцлагера «Лібароўшчына». Шэфства над мемарыяльным комплексам мясцовая ўлада ўзяла чатыры гады таму.
– Па шматгадовай традыцыі прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь і ўсе астатнія неабыякавыя людзі прымаюць удзел у вясновым навядзенні парадку. Гэта патрэбныя і вельмі важныя справы, бо наша зямля – агульны дом, – падкрэсліла намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама Аксана Палачаніна. – У «Хадароўцы» прыбралі тэрыторыю ад смецця, галінак, лісця, займаліся высечкай хмызняковай расліннасці, абелкай дрэў і іншымі відамі добраўпарадкавання.
Моладзь прыводзіла ў належны парадак воінскія пахаванні, помнікі Вялікай Айчыннай вайны, месцы баявой і воінскай славы. Па словах намесніка старшыні, гэтыя работы пачаліся яшчэ напярэдадні суботніка ў «Чысты чацвер». Так, разам з моладзевым крылом у вёсцы Чырвонае Беразіно працавалі грамадскія аб'яднанні, ветэраны, прафсаюзы.
– Дворы жылых шматкватэрных дамоў і дзіцячыя пляцоўкі добраўпарадкоўвалі мясцовыя жыхары. Напрыклад, маладыя сем'і прыступілі да афарбоўкі дзіцячага абсталявання ў парку на вуліцы Піянерскай у Докшыцах, – дадала Аксана Эдуардаўна.
Не засталіся па-за ўвагай паркі, гарадскі стадыён, вуліцы, дзе агульнымі сіламі гараджане, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый прыбіралі сухую лістоту, пясок на тратуарах, робячы горад чысцейшым і прыгажэйшым.
Зрабіць Лепельшчыну дагледжанай і прыгожай – такую мэту паставілі перад сабой 7,3 тыс. удзельнікаў рэспубліканскага суботніка.
У традыцыйным мерапрыемстве сёлета ўдзельнічала як ніколі шмат работнікаў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, моладзі, навучэнцаў школ і каледжаў, жыхароў райцэнтра і населеных пунктаў. Хтосьці працаваў на сваім працоўным месцы, а 80% удзельнікаў добраўпарадкоўвалі прылеглыя тэрыторыі, паркі, скверы, памятныя месцы і пахаванні, могілкі, тым больш, што суботник праходзіць напярэдадні Радаўніцы. Гэта добрая падмога мясцовай уладзе па навядзенні парадку на малой радзіме, падкрэсліў старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч.
Ударнай будоўляй у гэты дзень стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам у Леляле. Падставілі плячо будаўнікам мужчыны з райвыканкама, якія залівалі бетонам падлогі і чашы пад басейн. І дарослыя, і дзеці чакаюць з нецярпеннем да канца года ўводу ў строй ФАЦа. Гэта знакавы для горада аб'ект, адзначыў старшыня райвыканкама, паколькі ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры з'явіцца магчымасць плаваць у басейне, займацца рознымі відамі спорту, атрымліваць шматлікія аздараўленчыя працэдуры.
Ад смецця і лістоты ачышчалі гарадскі парк, размешчаны паблізу возера Лепельскае, работнікі райвыканкама, райсавета, падатковай і фінансавай службаў. Не пакінулі без увагі прыбярэжныя зоны гэтага вадаёма і возера Святое, бо яны размешчаны ў межах горада, дзе лепельчане любяць адпачываць. Удзялілі ўвагу добраўпарадкаванню зялёных зон на ўездах у райцэнтр, да гэтага падключыліся прадстаўнікі райгаза, водаканала, дэпартамента аховы. Не забыліся пра старыя могілкі Георгіеўскае і Пакроўскае, дзе працавалі работнікі МКК, філіяла ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» і інш. Для вывазу смецця арганізацыі выдзелілі дадаткова 10 адзінак тэхнікі. Разам з работнікамі санаторыяў, Беразінскага запаведніка, камунальнымі службамі актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў аграгарадках Бароўка, Заслонава, Домжарыцы, Баброва прынялі мясцовыя жыхары.
У гэты дзень было зароблены і пералічаны ў фонд суботніка больш за 30 тыс. руб.
У Лёзненскім раёне завяршылі Тыдзень лесу суботнікам і высаджваннем ёлачак для навагодняй пасадкі.
У рамках Рэспубліканскага суботніка кіраўніцтва Сенненскага раёна было занята на добраўпарадкаванні памятнага знака загінулым землякам у в. Літусава.
У Міёрскім раёне прадстаўнікі працоўных калектываў, навучэнцы школ і ўсе неабыякавыя жыхары раёна добраўпарадкоўвалі тэрыторыі населеных пунктаў, воінскіх пахаванняў, помнікаў воінскай славы, месцаў адпачынку, прыдарожных палос, займаліся азеляненнем вуліц, саджалі лес.
Кіраўнічы актыў Глыбоцкага раёна ў рамках рэспубліканскага суботніка, прысвечанага Году міру і стварэння, прыняў удзел у азеляненні і навядзенні парадку на прыхрамавой тэрыторыі Бяразвецкага жаночага манастыра ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла.
Кіраўніцтва Талачынскага раёна прымае ўдзел у добраўпарадкаванні цэнтра горада. Выконваюцца работы па закладцы падмурка для ўстаноўкі вежавых гадзіннікаў, па азеляненні тэрыторыі, абнаўленні лавак і агароджаў, пабелцы дрэў.
У Чашніцкім раёне па папярэдніх даных у суботніку прынялі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек.
Жыхары Наваполацка на суботніку прыбіралі і добраўпарадкоўвалі свой горад.
Браслаўскі раён далучыўся да рэспубліканскага суботніка.
У Верхнядзвінскім раёне на суботніку цэнтральным аб'ектам добраўпарадкавання сёлета стаў гарадскі парк.
У Паставах у гарадскім парку сёння ў рамках рэспубліканскага суботніка працавалі работнікі культуры і райвыканкама.
У Бешанковічах у межах рэспубліканскага суботніка мясцовыя жыхары высадзілі больш за 200 дрэў у раёне вуліц Урыцкага і Маладзёжнай.
Каля 500 жыхароў Полацка выйшлі на ўборку парку ля падножжа Кургана Няскончанай Славы. Наладзіў на працу сабраўшыхся Ігар Маркавіч, старшыня Полацкага райвыканкама: «Што можа быць лепш, калі ўсе разам весела і дружна выходзіш на пляцоўкі любімага горада, каб навесці парадак у тых месцах, дзе любяць адпачываць жыхары і госці горада. Полачане маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўсёды прымаюць удзел ва ўсіх акцыях, мерапрыемствах па добраўпарадкаванні, азеляненні. Толькі сёння больш за 27 тыс. палачан удзельнічаюць у суботніку».
Добраўпарадкавалі дарожкі, аднавілі падсвятленне, абрэзалі дрэвы, зграблі лісце, прыбралі смецце – праца знайшлася для кожнага.
Актыўна папрацавалі на суботніку і жыхары Ушацкага раёна. Напрыклад, работнікі Глыбачанскага сельскага Дома культуры, Глыбачанскай бібліятэкі і музычнай школы высадзілі дзве алеі: з елачак і сасёнак, падвезлі глебаўшчыну і зрабілі падсыпку на клумбах, пасеялі аднагадовыя расліны.
На тэрыторыі, прылеглай да Дома культуры, усталявалі дэкаратыўны калодзеж.
Прадстаўнічы працоўны дэсант па традыцыі ў дзень рэспубліканскага суботніка высадзіўся на мемарыяльным комплексе "Прарыў".
Больш за 42 тысячы жыхароў Аршанскага рэгіёну выйшлі на Рэспубліканскі суботнік.
Разам з імі актыўна працавалі старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка і старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Сільчанка, намеснікі старшыні райвыканкама, калектывы структурных падраздзяленняў райвыканкама, службы раёна.
Асноўным аб'ектам для добраўпарадкавання стаў Курган Бессмяротнасці ў парку Герояў. Тут высадзілі дрэвы, прыбіралі леташнюю лістоту, фарбавалі малыя архітэктурныя формы, бардзюры, абсталяванне.
У Дубровне на суботніку заклалі ліпавы сквер у гонар Года міру і стваральнай працы. Там, дзе раней быў пустыр, цяпер – ліпавы сквер у гонар Года міру і стваральнай працы. 100 саджанцаў дрэў, якія сімвалізуюць шчырасць і любоў, былі высаджаны падчас рэспубліканскага суботніка па вул. Кандрацьева ў Дубровне. Крыху воддаль ужо красуецца алея з бяроз.
У Полацку асноўныя работы ў рамках суботніка прайшлі на Верхнім замку. Сюды ўжо ў верасні пераедуць педагогі і навучэнцы кадэцкага вучылішча.
А пакуль сёння яны з задавальненнем навялі парадак. Пры падтрымцы мясцовай улады, а таксама гасцей. Унесці свой уклад у добрую справу прыбылі старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка, а таксама намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Вынікі ўражваюць: высаджана каля 350 кустарнікаў, закладзены падмурак стэлы, прысвечанай Мікіту Куканенку, прыбрана тэрыторыя кадэцкага мястэчка, што будуецца
Па матэрыялах газеты "Віцебскія весці" і рэгіянальных СМІ Віцебскай вобласці.