Больш за 300 выпускнікоў Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа будуць працаўладкаваны ў гаспадаркі вобласці
З іх дзве траціны – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: тэхнікі-механікі, тэхнікі-электрыкі і кухары-прадаўцы. Дарэчы, на першыя дзве спецыяльнасці сёлета заявак аказалася больш, чым размяркоўваецца.
Цяпер рабяты і дзяўчаты праходзяць практыку ў сельгаспрадпрыемствах або магазінах і сталовых, дзе будуць працаваць пасля здачы экзаменаў і атрымання дыплома. Як і каля 100 выпускнікоў аддзялення прафтэхадукацыі – без пяці хвілін механізатары – на пасяўной шліфуюць атрыманыя падчас вучобы навыкі.
Папярэдняе размеркаванне ў гэтым каледжы звычайна з'яўляецца канчатковым. Выпускнікі адправяцца практычна ва ўсе раёны вобласці, у тым ліку і на сваю малую радзіму, у асноўным у Гарадоцкі, Віцебскі, Шумілінскі, Полацкі і Сенненскі. Калі ўзнікнуць пытанні, да прыкладу, з забеспячэннем жыллём або гаспадарка адмовіцца ад папаўнення, ёсць рэзерв для пераразмеркавання.
Дырэктар каледжа Уладзімір Шыцько ўпэўнены, што ніхто з цяперашніх выпускнікоў не застанецца без першага працоўнага месца, паколькі праблем з іх працаўладкаваннем сёлета няма дзякуючы падтрымцы аблвыканкама і аблсельгаспрама, партнёрству з сельгаспрадпрыемствамі. Некалькі рабят з Расіі, Мінскай і Магілёўскай абласцей з'едуць у родныя мясціны, хоць пры жаданні маглі б уладкавацца на Віцебшчыне.